На сайце pravo.by апублікавалі пастанову ўраду Беларусі «Аб парадку і ўмовах пастаўкі садавіна-гародніннай прадукцыі з стабілізацыйных фондаў тавараў для рэспубліканскіх дзяржаўных патрэбаў».
Гэта адбылося пасьля крызісу з бульбай, калі ў лютым пачаліся перабоі паставак у крамы беларускай бульбы, яблыкаў, а потым і іншай таннай гародніны з так званага «баршчовага набору» (буракі, морква, капуста, цыбуля, бульба).
Цяпер дзяржава зьбіраецца кантраляваць увесь ланцужок паставак з палёў да крамаў і цэны на гародніну. Апублікаваныя і аб’ёмы такіх закупаў.
Фактычна ў пастанове выбудоўваецца схема паставак, якая нагадвае савецкія часы. Дзяржаўныя крэдытныя сродкі вытворцам гародніны і яблыкаў залічваюцца на рахункі скупнікаў. Аблвыканкамы і Менскі гарвыканкам «штогод у міжсэзонны пэрыяд забясьпечваюць фармаваньне стабілізацыйных фондаў тавараў у мэтах пастаўкі скупнікам садавіна-гароднінай прадукцыі для рэспубліканскіх дзяржаўных патрэбаў».
Замаўляюць нарыхтоўкі Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю, аблвыканкамы і Менскі гарвыканкам. Раздробныя цэны на плодаагароднінную прадукцыю, якая прадаецца ў гандлёвых сетках, а скупнікам паступіла ў межах выкананьня дзяржаўнай замовы, рэгулюе Міністэрства гандлю, адпускныя цэны вытворцаў рэгулюе яно ж, а таксама Міністэрства сельскай гаспадаркі.
Адначасова ўрад апублікаваў аб’ёмы дзяржаўнай замовы. Так, агулам замоўлена 148 тысяч тон яблыкаў і гародніны «баршчовага набору». У тым ліку 58,8 тысяч тон бульбы, капусты — 23,92 тыс. тон, буракоў — 8,42 тыс. тон, морквы — 14,77 тыс. тон, цыбулі 16,03 тыс. тон, яблыкаў 26,81 тыс. тон.
У гэтым годзе Беларусь сутыкнулася з дэфіцытам таннай мясцовай гародніны ў крамах. Прычыны растлумачылі павелічэньнем паставак у Расію і ростам унутранага попыту, які раптам вырас на 70%.
«Сёньня нельга жартаваць. Пажартавалі з бульбай у мінулым годзе, атрымалі ад насельніцтва „па вушах“. І апраўдваемся, ад прэзыдэнта да старшыні райвыканкама, што бульба даражэйшая ў Расеі ў тры разы», — заявіў Лукашэнка на адным з паседжаньняў. Апошнім часам ён шмат увагі надае бульбе і іншай мясцовай гародніне.
Сёлета дзяржава павялічыла пасяўныя плошчы пад бульбу і іншыя культуры ў грамадзкім сэктары. Таксама Лукашэнка параіў насельніцтву заняцца сваімі агародамі і дачамі ля самазабесьпячэньня:
«Ад вёсак да раённых цэнтраў і гарадоў. Людзі маюць свае дачы. Чаго вы выеце, чаго вы ныеце. Вы дзьве баразёнкі для сабе высаджвайце на гэтым лапіку зямлі альбо ў вёсках для сябе. У вёсках жа не абрабляюць участкі», — заявіў Лукашэнка 17 чэрвеня падчас паездкі ў Менскую вобласьць.
Форум