Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр Вячка Станкевіч, былы дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода


Вячка Станкевіч
Вячка Станкевіч

У Злучаных Штатах на 93-м годзе пайшоў з жыцьця Вячка Станкевіч, адзін з найстарэйшых актывістаў беларускай дыяспары ў Амэрыцы, колішні дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода. Пра гэта паведаміла Рада БНР.

Вячка Станкевіч нарадзіўся ў Вільні ў 1932 годзе ў сям’і выбітнага мовазнаўцы Яна Станкевіча. Выехаў зь Беларусі разам з бацькамі ў час II Усясьветнай вайны. З 1949 году — у ЗША. Атрымаў ступень магістра ў спэцыяльнасьці «электрамэханіка». Працаваў інжынэрам у карпарацыях ITT і Western Union.

З 1990 па 1998 год Вячка Станкевіч быў дырэктарам Беларускай службы Радыё Свабода. На наступны год пасьля таго, як Станкевіч узначаліў Беларускую службу Радыё Свабода, Савецкі Саюз спыніў існаваньне, абрынулася камуністычная сыстэма.

Менавіты пры ім у Менску зьявілася бюро Радыё Свабода, а ў службе — першыя журналісты зь Беларусі пасьля сканчэньня халоднай вайны.

«Я разумеў, які час прыйшоў у Беларусі, — расказваў Вячка Станкевіч ў інтэрвію Радыё Свабода ўвесну 2024 году. — Маёй задачай было запоўніць штат службы прафэсійнымі журналістамі. Першы, каго я прыцягнуў да працы на Радыё Свабода, быў Аляксандар Лукашук. Ён тады працаваў у Беларусі ў газэце „Звязда“. Ён быў большым прафэсіяналам у гэтай справе, чым я. Я тады паехаў у Менск, пагаварыў зь ім і прыцягнуў яго да працы. Але не на беларускую службу, а ў аддзел, які рыхтаваў аналітычныя артыкулы. Там патрэбныя былі людзі, якія арыентаваліся ў сытуацыі ў краінах, на якія перадавала Радыё Свабода. Пазьней я прыняў яго ў службу... Зьявіліся людзі і зь Беласточчыны, і зь Беларусі».

Вячка Станкевіч (справа) і Аляксандар Лукашук. 2013 год
Вячка Станкевіч (справа) і Аляксандар Лукашук. 2013 год

«Самае запамінальнае было з тых часоў — гэта Беларускі Народны Фронт. Вельмі яскравым уражаньнем быў Першы зьезд беларусаў сьвету ў 1993 годзе. Гэта быў паказьнік таго, што зьмены адбыліся і адбываюцца», — прыгадваў Станкевіч у апошнім леташнім інтэрвію.

А вось прыходу Аляксандра Лукашэнкі і хуткага рэваншу посткамуністычнага рэжыму ў Беларусі ён не чакаў.

«У мяне не было досьведу жыцьця ў Беларусі. Пра жыцьцё там я ведаў праз прэсу, праз аповеды старэйшага пакаленьня, — адказвае Вячка Станкевіч. — Лукашэнка спачатку спрабаваў адхіліць ад улады старую камуністычную гвардыю. І да пэўнай ступені гэта быў плюс. Дэмакраты тады не змаглі знайсьці згоды. Шушкевіч і Пазьняк маглі б тады знайсьці шлях да супрацоўніцтва. Але, на жаль, гэтага не адбылося».

Вячка Станкевіч быў сябрам Рады БНР і пэўны час намесьнікам старшыні Рады, уваходзіў у склад кіраўніцтва Беларускай фундацыі Крачэўскага (Нью-Ёрк). Таксама ўзначальваў Галоўную ўправу Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG