Дзьве жалезабэтонныя апоры лініі электраперадачы, якія забясьпечваюць завод электрычнасьцю ад ЦЭЦ, зламаліся «практычна напалам», паведаміў генэральны дырэктар «Магілёўхімвалакна» Ўладзімер Маркаў.
Таксама абрынулася эстакада для кабэляў паміж будынкамі і паваліўся комін, перадае БелТА.
Апроч гэтага, вецер пашкодзіў каля 20 тысяч м² даху, выбіў больш за 4 тысячы м² вокнаў і зламаў больш як 400 мэтраў жалезабэтоннай агароджы.
Работы па аднаўленьні ідуць кругласутачна. Сёньня іх праінспэктаваў міністар па надзвычайных сытуацыях Вадзім Сіняўскі.
Энэргазабесьпячэньне зьбіраюцца аднавіць да 19 ліпеня. Новыя апоры і эстакаду ўжо ўсталявалі. Замест пашкоджанага коміна падключаць рэзэрвовы. Цалкам аднавіць інфраструктуру спадзяюцца да зімы.
Уначы 10 ліпеня на Магілёў наляцела моцная бура з навальніцай. Вецер валіў дрэвы, апоры, абрываў правады. Спыняліся катлы і турбагенэратары на магілёўскай ЦЭЦ-2.
Ад падзеньня дрэва загінула жанчына.
Расчыстка гораду ад наступстваў стыхіі працягваецца дагэтуль.
Форум