Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёлета за паўгоду каля тысячы беларусаў атрымалі міжнародную абарону ў Польшчы


Мястэчка Кузьніца на мяжы зь Беларусьсю. Ілюстрацыйнае фота
Мястэчка Кузьніца на мяжы зь Беларусьсю. Ілюстрацыйнае фота

За першае паўгодзьдзе 2025 году міжнародную абарону ў Польшчы атрымалі каля 1000 грамадзян Беларусі, якія зьвярнуліся па яе.

Адмоўлена 70 беларусам, сьведчаць зьвесткі, апублікаваныя польскім Аддзелам у справах іншаземцаў.

Беларусы — другая па колькасьці надзеленых абаронай нацыянальная група ў Польшчы, якая саступае толькі ўкраінцам (1500 атрымалі, 500 адмоўлена), піша «Позірк».

У абароне адмоўлена 130 грамадзянам Расеі (колькасьць задаволеных хадайніцтваў расейцаў не называецца).

У студзені–чэрвені ад беларусаў паступіла каля 1600 новых заяваў з просьбай даць міжнародную абарону (ад украінцаў каля 5000, ад расейцаў — 400).

З 27 сакавіка 2025 году дзейнічае абмежаваньне права падаваць хадайніцтва аб наданьні міжнароднай абароны на мяжы Польшчы зь Беларусьсю. Асобы, якія падаюць такія хадайніцтвы ва ўстановах памежнай службы Польшчы, разьмешчаных паблізу польска-беларускай мяжы, складаюць нязначны працэнт ад агульнай колькасьці заяўнікоў.

Іншаземцу даюць міжнародную абарону (у форме статусу ўцекача ці дадатковай абароны), калі яму пагражае перасьлед або рэальная небясьпека страты жыцьця ці здароўя ў краіне паходжаньня. Пры гэтым «асоба не павінна знаходзіцца ў абставінах, якія маглі б указваць, напрыклад, на тое, што яна можа несьці пагрозу бясьпецы».

Колькасьць грамадзян Беларусі, якія атрымалі міжнародную абарону ў Польшчы, скарацілася ў 2024 годзе на 10,4%, сьведчылі зьвесткі, якія згаданы аддзел публікаваў у пачатку 2025 году.

Летась міжнародную абарону ў Польшчы атрымалі 2,6 тысячы грамадзян Беларусі, у 2023-м — 2,9 тысячы. Пры гэтым у 2024 годзе беларусы падалі 3,9 тыс. заяваў з просьбай надаць абарону (у 2023-м — 3,7 тыс.), адмову атрымалі 150 чалавек.

З 2021 году больш за 240 тысяч грамадзян Беларусі зьвярнуліся па дазвол на знаходжаньне ў Польшчы, паведаміў у канцы мінулага году «Позірку» намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня Павел Латушка, спасылаючыся на зьвесткі ад МУС краіны.

Зь іх ужо больш за 140 тысяч маюць дзейны дакумэнт, які дае права знаходзіцца на тэрыторыі Польшчы.

Пераважны тып дазволаў для грамадзян Беларусі — часовы дазвол на жыхарства, выдадзена больш за 86 тыс. такіх дазволаў.

Паводле зьвестак, з 10 жніўня 2020 па 30 лістапада 2024 году Польшча выдала беларусам каля 54 тыс. візаў тыпаў C (шэнгенская) і D (нацыянальная), а таксама амаль 172 тыс. візаў у праграме Polish Business Harbour (прыпыненая ў студзені 2024 году).

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG