У Офісе генэральнага пракурора Ўкраіны паведамілі, што народнаму дэпутату Яўгену Шаўчэнку, які абвінавачваецца ў дзяржаўнай здрадзе, абвясьцілі новае падазрэньне — аб махлярстве ў вялікіх памерах.
Як адзначаецца ў паведамленьні, Яўген Шаўчэнка ў 2021 годзе праз сувязь з палітычным кіраўніцтвам Беларусі, арганізаваў падпісаньне дагавору пастаўкі мінэральных угнаеньняў паміж асобнымі суб’ектамі гаспадараньня.
Потым ён паведаміў кампаніям-пастаўшчыкам непраўдзівую інфармацыю аб тым, што Беларуская чыгунка не ўзгадняе транспартаваньне грузу праз неадпаведнасьць вагонаў-цыстэрн, і паабяцаў паспрыяць вырашэньню пытаньня. Для гэтага ён патрабаваў ад кампаніі падпісаць дамову аб прававой дапамозе з індывідуальным прадпрымальнікам, які быў ягоным сынам.
Згодна з матэрыяламі сьледзтва, зь лютага 2021 да лютага 2022 году кампанія пералічыла 14,5 мільёна грыўняў (прыблізна 346 тысяч даляраў у эквіваленце. — РС) за юрыдычныя паслугі, якія не надаваліся.
«Такім чынам, народны дэпутат Украіна прысабечыў сродкі ў асабліва вялікіх памерах шляхам падману», — адзначаецца ў паведамленьні.
У межах расьсьледаваньня новай справы сьледчыя правяраюць факты датычнасьці да гэтага злачынства колішняга міністра інфраструктуры Ўкраіны.
Раніцай выданьне «Українська правда» з спасылкай на свае крыніцы ў праваахоўных органах паведаміла аб ператрусах у колішняга міністра інфраструктуры Ўкраіны Аляксандра Кубракова.
Што папярэднічала
Цяпер Яўген Шаўчэнка пад вартай, яго затрымалі ў лістападзе 2024 году. У абвінавачаньні — шэраг эпізодаў, зьвязаных зь ягонымі паездкамі ў Беларусь і сустрэчамі з Аляксандрам Лукашэнкам.
Раней у Дзяржаўным бюро расьсьледаваньняў (ДБР) Украіны паведамілі, што дэпутату Вярхоўнай Рады Ўкраіны Яўгену Шаўчэнку, які зь лістападу 2024 году знаходзіцца ў сьледчым ізалятары як абвінавачаны ў дзяржаўнай здрадзе, пагражае пажыцьцёвае зьняволеньне.
Сьледзтва падазравала, што паездкі Яўгена Шаўчэнкі ў Беларусь маглі фінансаваць датычныя да ўлады беларускія прадпрыемствы. У прыватнасьці, у матэрыялах справы адзначалася, што сьледзтва плянуе правесьці допыт службовых асобаў беларускіх кампаніяў, якія працавалі на ўкраінскім рынку да пачатку вайны і займаліся пастаўкамі ўгнаеньняў, а таксама ўкраінскіх прадпрыемстваў, што супрацоўнічалі зь Беларусьсю.
Апроч таго, сьледчыя плянавалі праверыць банкаўскія рахункі гэтых кампаніяў і рух фінансавых сродкаў, а таксама атрымаць вынікі фінансавага маніторынгу апэрацый Яўгена Шаўчэнкі і ягоных блізкіх сваякоў, падкантрольных асобаў і прадпрыемстваў, празь якія ішлі пастаўкі мінэральных угнаеньняў зь Беларусі.
Сярод кампаній, празь якія фінансаваліся паездкі Яўгена Шаўчэнкі ў Беларусь, маглі быць украінскія ТАА Гандлёвы дом «Агроімпорт ЛТД» (адна з найбуйнейшых і непразрыстых кампаній Украіны на рынку ўгнаеньняў. — РС) і «СанАгро Україна» (да вайны адзіны ва Ўкраіне афіцыйны дылер беларускага калію. — РС), а таксама ТАА «Белферт Україна», якую ачольваў Алег Вялічка, сын былога амбасадара Беларусі ва Ўкраіне Валянціна Вялічкі.
Дзейнасьць усіх трох гэтых кампаній пасьля расейскага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну ў розны час была аб’ектам зацікаўленьня праваахоўных органаў Украіны.
Форум