Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускі дырыгент, звольнены з Адэскай опэры, ня змог у судзе адстаяць сваю рэпутацыю. Суд стаў на бок тэатру


Вячаслаў Чарнуха-Воліч на спэктаклі ў Нацыянальным тэатры опэры і балету Малдовы імя Марыі Біешу. Архіўнае фота
Вячаслаў Чарнуха-Воліч на спэктаклі ў Нацыянальным тэатры опэры і балету Малдовы імя Марыі Біешу. Архіўнае фота

Судовы працэс доўжыўся з 2023 году.

Прыморскі раённы суд Адэсы адмовіў знакамітаму беларускаму дырыгенту Вячаславу Чарнуху-Волічу ў задавальненьні яго пазову да Адэскага нацыянальнага тэатру опэры і балету з патрабаваньнем зьняпраўдзіць ілжывую інфармацыю, якая прыніжае яго гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю.

Як адзначаецца ў судовым рашэньні, якое мае ў распараджэньні Свабода, суд прызнаў: зьмест інфармацыі, пашыранай тэатрам аб звальненьні беларускага дырыгента, «ня ёсьць непраўдзівай інфармацыяй, якая падлягае судовай абароне шляхам яе зьняпраўджаньня».

Вячаслаў Чарнуха-Воліч можа да 2 жніўня абскардзіць гэтае рашэньне суду першай інстанцыі.

Вячаслава Чарнуху-Воліча ў красавіку 2023 году звольнілі з Адэскага нацыянальнага акадэмічнага тэатру опэры і балету за фота з дырэктарам бакінскай опэры Юсіфам Эйвазавым — мужам расейскай опэрнай сьпявачкі Ганны Нятрэбкі, якая была даверанай асобай Уладзіміра Пуціна на ранейшых выбарах, атрымлівала ад яго ўзнагароды, фатаграфавалася зь сьцягам так званай «Наваросіі» разам з адным з кіраўнікоў прарасейскай адміністрацыі ў акупаванай частцы Данецкай вобласьці. Ва Ўкраіне супраць яе ўвялі санкцыі.

Вячаслаў Чарнуха-Воліч быў пераехаў у Адэсу пасьля звальненьня зь беларускага опэрнага тэатру за падтрымку мірных пратэстаў. Пасьля звальненьня з Адэскай опэры ён працаваў у Кішынёве, у тэатры опэры.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG