Як украінскі міністар паведаміў на сваёй старонцы Facebook, новая структура адпавядае «рэаліям вайны і найлепшым эўрапейскім і ўсясьветным практыкам».
«Гэта структура сучаснага, моцнага і прагрэсіўнага замежнапалітычнага ведамства эўрапейскай дзяржавы. Але гэта таксама структура МЗС краіны ў вайне. Краіны, якая змагаецца за сваё жыцьцё, свабоду, сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць», — падкрэсьліў Андрэй Сыбіга.
Як вынікае зь ягонай публікацыі, у структуры МЗС Украіны цяпер ня будзе і амбасадара для асаблівых даручэньняў у пытаньнях Беларусі. На гэтай пасадзе, створанай у лютым 2024 году, працаваў колішні пасол Украіны ў Беларусі Ігар Кізім, але сёлета ў лютым ён пайшоў у адстаўку, а новага прызначэньня не адбылося.
«Важна, што спэцыяльны прадстаўнік цяпер будзе толькі ў пытаньнях Афрыкі. Бліжні Ўсход і Паўночная Афрыка (так званы рэгіён MENA) цяпер вылучаюцца ў асобны дэпартамэнт», — паведаміў украінскі міністар.
Апроч таго, цяпер у структуры МЗС Украіны зьявяцца новыя ўпраўленьні.
«Напрыклад, упраўленьне недружалюбных краін. Сюды будуць уваходзіць ня толькі Расея, але і яе хаўрусьнікі, такія як Паўночная Карэя або Беларусь. Тут ідзецца не пра двухбаковыя дачыненьні, а пра супрацьдзеяньне пагрозам. Украіна абараняецца ад поўнамаштабнай агрэсіі, і наша палітыка мае вызначаць прыярытэт нэўтралізацыі пагрозаў», — патлумачыў Андрэй Сыбіга.
Паводле яго, за гэты кірунак будзе адказваць першы намесьнік міністра. Цяпер на гэтай пасадзе працуе вядомы ўкраінскі дыплямат Сяргей Кісьліца, які зь лютага 2020-га да лютага 2025 году працаваў сталым прадстаўніком Украіны пры ААН. На трыбуне ААН ён ня раз падымаў пытаньне аб вывазе Расеяй у Беларусь украінскіх дзяцей пад выглядам «аздараўленьня».
Сяргей Кісьліца быў у складзе дэлегацыі для перамоваў з Расеяй, якія праходзілі ў Стамбуле (Турэччына).
Форум