Людміла Ліхачэўская, Натальля Антонава, Тацяна Макеева і Карына Маліноўская выйшлі на падставе рашэньня Аляксандра Лукашэнкі аб памілаваньні, ухваленага 7 траўня, паведаміў Беларускі жаночы фонд.
Тады Лукашэнка памілаваў 42 чалавекі, але імёны не раскрываліся. Адзначалася толькі, што сярод вызваленых былі 18 жанчын і 24 мужчыны, асуджаныя за «злачынствы экстрэмісцкай накіраванасьці». «Экстрэмістамі» ўлады пасьля пратэстаў 2020 году масава прызнаюць людзей і арганізацыі, неляяльныя да ўладаў.
Людміле Ліхачэўскай 48 гадоў, яна шматдзетная маці. Яе арыштавалі 29 сакавіка 2024 году і асудзілі за «заклікі да санкцыяў» і «распальваньне варожасьці» на 2 гады калёніі. Яе вызвалілі прыкладна на паўгоду раней да заканчэньня тэрміну пакараньня.
Натальлі Антонавай 65 гадоў. Яе затрымалі ў студзені 2024 году ў часе рэйду сілавікоў па дамах тых, хто дапамагаў палітвязьням. Яе асудзілі за «паклёп на Лукашэнку» і «распальваньне варожасьці». Тэрмін невядомы, але Антонаву адправілі ў гомельскую калёнію. Там яна адседзела каля чатырох месяцаў.
Тацяне Макеевай 67 гадоў, адседзела год паводле абвінавачаньняў ва ўдзеле ў пратэстах, «абразе прадстаўніка ўлады», «абразе судзьдзі», «абразе Лукашэнкі». Яе пакаралі трыма гадамі калёніі.
Карыне Маліноўскай 32 гады. Яе асудзілі за ўдзел у пратэстах, а таксама «распальваньне варожасьці» і «заклікі да санкцыяў». Карына працавала цырульніцай. Дома яе чакалі двое дзяцей. Паводле праваабаронцаў, яна правяла за кратамі больш за паўгоду.
Цяпер, паводле Беларускага жаночага фонду, у зьняволеньні застаюцца сама меней 179 жанчын.
Інфармацыю аб вызваленьні гэтых жанчын іншыя крыніцы не паведамляюць.
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».
Форум