Ён апублікаваў у ютуб-канале «Краіна для жыцьця» ролік, дзе паведаміў, што зьбірае прыхільнікаў.
Сяргей Ціханоўскі кажа, што плянуе матываваць беларусаў замежжа і ў самой краіне «для змаганьня за дэмакратыю ў Беларусі» і дзеля гэтага езьдзіць з камандай па гарадах і краінах. Ён абяцае нанесьці найбліжэйшы «магутны ўдар па лукашызьме і яго прапагандзе прыкладна праз тры тыдні» і зьбірае на гэта ахвяраваньні.
Паводле яго, «для першага ўдару [па рэжыме Лукашэнкі] патрэбныя рэсурсы — больш за 200 тысяч эўра, і гэта невялікія сродкі для дасягненьня такіх маштабных мэтаў». Ціханоўскі заявіў, што празь перасьлед і палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі яму «нанесены ўрон на 3 млн даляраў».
- Сяргей Ціханоўскі — беларускі блогер, аўтар папулярнага youtube-каналу «Страна для жизни». Яго затрымалі ў траўні 2020 году ў Горадні падчас чарговага пікету для збору подпісаў у падтрымку Сьвятланы Ціханоўскай як кандыдаткі на выбарах прэзыдэнта Беларусі 2020 году. Сьвятлана зарэгістравала сваю кандыдатуру пасьля таго, як Сяргея Ціханоўскага да выбараў не дапусьцілі.
- 14 сьнежня 2021 году ў закрытым рэжыме ў будынку гомельскага СІЗА-3 Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 18 гадоў калёніі, абвінаваціўшы ў арганізацыі масавых беспарадкаў (артыкул 293 Крымінальнага кодэксу), грубым парушэньні грамадзкага парадку (артыкул 342 КК), перашкодзе ажыцьцяўленьню выбарчых правоў (артыкул 191 КК) і распальваньні варожасьці (артыкул 13 КК).
- У лютым 2023 году Ціханоўскаму дадалі яшчэ 1,5 года зьняволеньня ў справе аб «непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі калёніі» (ч. 2 арт. 411 КК).
- Сьвятлана Ціханоўская пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году пад ціскам уладаў Беларусі вымушана выехала ў Літву, дзе стала лідэркай беларускай апазыцыі ў выгнаньні.
Форум