Паводле інфармацыі «Вясны», яго прызналі вінаватым паводле арт. 361-4 Крымінальнага кодэксу Беларусі (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці).
Віталю Чавусаву прызначылі 4 гады калёніі. Падрабязнасьці справы і рэжым умоваў адбыцьця невядомыя.
Паводле інфармацыі «Вясны», ужо распачаліся першыя судовыя працэсы па «справе Гаюна». Праваабаронцам вядома пра сама меней 26 пацьверджаных фігурантаў гэтай справы, якіх зьмясьцілі пад варту. Агульная ж лічба затрыманых значна больш.
«Беларускі Гаюн» — незалежны маніторынгавы праект, які адсочваў перасоўваньне расейскіх і беларускіх войскаў на тэрыторыі Беларусі. Канал апэратыўна зьбіраў і аналізаваў дадзеныя, адпраўленыя жыхарамі краіны. Улады Беларусі абвясьцілі яго «экстрэмісцкім фармаваньнем» яшчэ ў 2022 годзе.
У лютым 2025 года яго заснавальнік Антон Матолька абвясьціў аб спыненьні працы ініцыятывы пасля таго як невядомыя ўзламалі чат-бот тэлеграм-каналу праекту. Ён зазначыў, што людзі, якія дасылалі інфармацыю, і якая можа іх ідэнтыфікаваць, або пісалі з акаўнтаў, якія могуць іх ідэнтыфікаваць, знаходзяцца пад пагрозай.
Паводле «Вясны», затрыманьні людзей у межах крымінальнай справы супраць «Беларускага Гаюна» працягваюцца апошнія некалькі месяцаў. Справу расьсьледуюць паводле артыкулу аб садзейнічаньні «экстрэмісцкай дзейнасьці» (артыкул 361-4 КК РБ).
Заснавальніка праекту Антона Матольку ў пачатку чэрвеня 2025 году завочна асудзілі на 20 гадоў пазбаўленьня волі.
Форум