Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўразійскі банк разьвіцьця спрагназаваў істотны рост цэнаў і курсу даляра ў Беларусі


Эўразійскі банк разьвіцьця (ЭАБР) прэзэнтаваў макраэканамічны прагноз для сямі краінаў-удзельніц арганізацыі. Аналітыкі (ЭАБР) чакаюць, што рост цэнаў у Беларусі паскорыцца да 8,2 %, а курс даляра вырасьце да 3,85 рублёў.

Пра гэта паведамляе «Белсат».

Паводле прадстаўніка ЭАБР Антона Даўгавечнага пасьля істотнага росту беларускай эканомікі за два мінулыя гады, каля 4 %, сёлета захоўваюцца «павышаныя тэмпы разьвіцьця»:

«За студзень-травень мы бачым, што тэмп росту вышэй за сярэднія за апошнія 15 гадоў» — паведаміў ён.

Аднак экспэрт адзначыў, што раней беларускую эканоміку «выцягвала» прамысловасьць, але цяпер яна становіцца гірай на нагах. Паводле яго Расея перастала купляць беларускія тавары ў ранейшых аб’ёмах.

«Мы бачым скарачэньне паставак беларускай прадукцыі на ключавыя рынкі. Гэта шмат у чым абумоўлена запаволеньнем попыту ў Расеі і ўзмацненьнем канкурэнцыі як з боку расейскіх вытворцаў, гэтак і пастаўшчыкоў з іншых дружалюбных краінаў» — адзначыў Даўгавечны.

Ён таксама назваў дэфіцыт працоўнай сілы «фактарам, які стрымлівае рост эканомікі»: «Сёньня беспрацоўе ў Беларусі складае нізкія 2,8 % і знаходзіцца на гістарычным мінімуме. Пры гэтым мы бачым, што колькасьць вакансій устойліва расьце. Гэта фактар, які будзе гамаваць рост эканомікі».

У сьнежні мінулага году, ЭАБР прагназаваў, што ў 2025 годзе беларуская эканоміка вырасьце на 2,6 %, цяпер прагноз палепшаны да 3 %. Беларускі ўрад разьлічвае, што ВУП сёлета павялічыцца на павялічыцца на 4,1 %.

Як сказаў аналітык банку, эканоміка працягне расьці сёлета ў першую чаргу дзякуючы беларусам, якія ўсё ніяк не сунімуцца з пакупкамі, а таксама «дынамічнаму аднаўленьню IT-сэктару».

У наступныя два гады, паводле прагнозу, эканоміка «вернецца да збалянсаваных тэмпаў росту блізу 1,7 % у сярэднім за год», сказаў Даўгавечны. Гэта будзе адбывацца на фоне астуджэньня расейскай эканомікі.

Паводле ацэнак ЭАБР да канца года інфляцыя дасягне 7,7 % (у траўні інфляцыя ў гадавым вымярэньні склала 7,1 %), а ў 2026-2027 гадах — і наогул каля 8,2 %. Летась інфляцыя складала 5,16%.

Паводле экспэрта цэны ў Беларусі будзе разганяць паступовае аслабленьне рубля і няўрымсьлівае спажываньне беларусаў. Пры гэтым чакаецца, што ўлады будуць патроху аслабляць цэнавае рэгуляваньне: «У нашым прагнозе мы зыходзім з таго, што ўлады будуць аслабляць цэнавае рэгуляваньне, і гэта дазволіць не дапусьціць пагаршэньня фінансавых вынікаў вытворцаў і гандлёвых сетак». З пачатку году даляр у Беларусі патаньнеў амаль на 15%, аднак ЭАБР прагназуе, што неўзабаве сытуацыя зьменіцца.

«Беларускі рубель значна ўмацаваўся да даляра ЗША з пачатку году. Гэтаму спрыяла дынамічнае аднаўленьне экспарту паслуг, у першую чаргу IT-сэктара, і ўстойлівае захаваньне чыстага продажу замежнай валюты насельніцтвам», — адзначыў Даўгавечны.

Сёлета сярэдні курс долара чакаецца на ўзроўні 3,28 рубля (сёньня па курсе Нацбанку за долар даюць 2,9679 рубля).

У наступныя два гады, згодна з прагнозам ЭАБР, даляр у Беларусі будзе каштаваць у сярэднім 3,85 рублі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG