Таксама, паводле брусэльскіх дыпляматаў, зь якімі паразмаўляў эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк, Эўразьвяз усё яшчэ хоча быць пасярэднікам у магчымых прамых перамовах паміж Злучанымі Штатамі і Тэгеранам.
Польшча, якая з студзеня старшынюе ў Эўразьвязе, спадзявалася, што афіцыйныя перамовы пра далучэньне Ўкраіны і Малдовы пачнуцца ў першым паўгодзьдзі. Аднак гэтыя пляны ня спраўдзіліся.
Вугоршчына пасьлядоўна блякуе пачатак перамоў, а для кожнага кроку на гэтым шляху патрэбнае адзінагалоснае рашэньне ўсіх краін ЭЗ. Будапэшт нават правёў нацыянальнае анкетаваньне наконт уступленьня Ўкраіны ў Эўразьвяз, якое выклікала шмат крытыкі.
Гэты саміт — апошні шанец разблякаваць сытуацыю, але мала хто верыць, што прэм’ер-міністар Вугоршчыны Віктар Орбан перадумае. Мяркуецца, што Вугоршчына будзе супраціўляцца пачатку перамоў як мінімум да сваіх парлямэнцкіх выбараў, што пройдуць у красавіку наступнага году, бо гэтае пытаньне стала важнай часткай унутранай палітыкі.
Пра прэспэктывы Ўкраіны і Малдовы ў праекце дэклярацыі саміту, зь якой азнаёмілася Радё Свабода, гаворыцца так:
«Рада Эўропы чакае наступных крокаў у працэсе ўступленьня ў адпаведнасьці з падыходам, заснаваным на заслугах, з адкрыцьцём клястэраў, калі будуць выкананы ўмовы».
Ёсьць ідэя разьдзяліць працэс уступленьня Ўкраіны і Малдовы, бо супраць Малдовы ніводная краіна ЭЗ не выступае. Аднак некаторыя з краін ня хочуць гэтага рабіць, каб «не паддавацца вугорскаму шантажу».
Эўразьвяз таксама хоча падтрымаць Малдову напярэдадні верасьнёўскіх выбараў у парлямэнт. Таму напачатку ліпеня ў Кішынёве пройдзе першы ў гісторыі саміт паміж ЭЗ і Малдовай.
Да канца чэрвеня адзін з этапаў уступленьняў ў Эўразьвяз, як чакаецца, пройдзе Чарнагорыя. Але гэта ня той тэмп пашырэньня Эўразьвязу, на які спадзяваліся эўрааптымісты.
Што да санкцый супраць Расеі і Беларусі, тут пярэчаньняў Вугоршчыны і Славаччыны не чакаецца. На саміце плянуюць прыняць новы, 18-ы пакет абмежавальных мер і працягнуць на паўгоду ранейшыя санкцыі, уведзеныя за час поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну, — у тым ліку замарозку больш як 200 мільярдаў эўра расейскіх актываў.
18-ы пакет санкцый ужо ў асноўным узгоднены на дыпляматычным узроўні. Большасьць прапаноў, напрыклад, адключэньне беларускіх і расейскіх банкаў ад SWIFT і санкцыі супраць абодвух «Паўночных патокаў», ня выклікалі асаблівых спрэчак.
Прапанову ж зьнізіць плянку максымальнай цаны на расейскую нафту з 60 да 45 даляраў за барэль, хутчэй за ўсё, ня прымуць, бо супраць гэтага выступілі ЗША на нядаўнім саміце G7. А Эўразьвяз без падтрымкі Вашынгтону наўрад зможа ці захоча зьніжаць гэтую плянку.
Форум