У Кодэкс аб адміністрацыйных правапарушэньнях дадалі пункт 13.12-1 працэсуальнага выкананьня, згодна зь якім пратаколы аб падобных парушэньнях змогуць складаць службовыя асобы мясцовых выканаўчых органаў, Камітэту дзяржкантролю і Міністэрства антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю.
Справы будуць разглядаць адміністрацыйныя камісіі выканкамаў, раённыя адміністрацыі гарадоў, органы Камітэта дзяржаўнага кантролю і эканамічныя суды вобласьцяў і сталіцы. Пра гэта паведаміла прэс-служба Палаты прадстаўнікоў.
Як адзначыла старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў у заканадаўстве Марына Лянчэўская, за непастаўку або адсутнасьць тавару ў продажы прадугледжаны штрафы для фізычных асобаў у памеры ад 5 да 12 базавых велічынь (ад 210 да 504 рублёў) і для юрыдычных асобаў — ад 20 да 200 базавых велічыняў (ад 840 да 8400 рублёў).
Два тыдні таму Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ № 232, каб вырашыць праблему зь недахопам садавіны і гародніны ў крамах, асабліва ў міжсэзоньне. Гандлёвыя сеткі будуць плаціць 30% авансу вытворцам садавіны і гародніны за будучыя пастаўкі. На гэта можна браць крэдыты пад 3% гадавых.
Але забесьпячэньне крамаў прадукцыяй з палёў і садоў цяпер ня права, а абавязак пастаўшчыкоў. А мець гэтую прадукцыю на паліцах — абавязак крамаў.
Указу папярэднічала зьнікненьне бульбы і цыбулі ў беларускіх крамах. Якое з запісаў у блогах дайшло да кабінэтаў палітыкаў. Бульбяное пытаньне нават станавілася тэмай размоў паміж Пуціным і Лукашэнкам.
Форум