Як паведаміла выданьне Forbes, агулам лік скампрамэтаваных пароляў дасягнуў 16 мільярдаў — гэта найбольшы ў гісторыі крадзеж зьвестак.
Паводле спэцыялістаў, фармат большай часткі выкрадзеных пароляў адкрывае доступ «амаль да любога онлайн-сэрвісу, які можна ўявіць — ад Apple, Facebook і Google да GitHub, Telegram і нават дзяржаўных паслуг».
«Гэта ня проста звычайны выцек. Гэта плян для зламыснага выкарыстаньня», — падкрэсьлілі экспэрты. Адмыслоўцы рэкамэндуюць кампаніям узмацніць абарону карыстальнікаў, а звычайным людзям — тэрмінова зьмяніць свае паролі і ўключыць двухфактарную ідэнтыфікацыю.
Міжнародны экспэрт у лічбавай бясьпецы Нікалай Квантыліяні ў размове са Свабодай даў наступныя парады:
- Двухфактарная ідэнтыфікацыя — найлепшая абарона для вашых акаўнтаў і ў сувязі зь цяперашнім выцекам інфармацыі, і агулам. Калі вы яе ня маеце, трэба яе ўключыць, пакуль вы яшчэ маеце доступ да сваіх акаўнтаў, і памяняць паролі.
- Варта падумаць і пра тыя акаўнты, якімі вы не карыстаецеся рэгулярна.
- Ёсьць сэнс таксама праверыць, якія ў вашых акаўнтах дадатковыя наладкі для аднаўленьня. Магчыма, напрыклад, што вашая пошта ў Google абароненая надзейным паролем і двухфактарнай аўтэнтыфікацыяй, але калі вы яе стваралі, вы далі для магчымага аднаўленьня акаўнту адрас электроннай пошты на нейкім менш бясьпечным сэрвісе, пра які вы ўжо і забыліся.
Форум