Гэты крок базуецца на дырэктыве паліцыі 2019 году. Тады спачатку забаранілі выгул сабак у Тэгеране, а цяпер увялі забарону на перавозку сабак у транспарце, а ў некаторых выпадках — закрылі заалягічныя крамы і вэтэрынарныя клінікі.
Чыноўнікі заяўляюць, што забарона неабходная для падтрыманьня «грамадзкага парадку, бясьпекі і абароны здароўя насельніцтва». Ппракуроры ў розных гарадах папярэджваюць, што парушальнікам пагражаюць патэнцыйныя арышты, канфіскацыя транспартных сродкаў і сабак.
Валоданьне сабакамі і шпацыр зь імі доўгі час былі прадметам спрэчак у Іране, асабліва пасьля Ісламскай рэвалюцыі 1979 году. Многія рэлігійныя аўтарытэты лічаць сабак «нячыстымі» і сымбалем заходняга культурнага ўплыву.
Вярхоўны лідэр аятала Алі Хамэнэі раней заяўляў, што ўтрыманьне сабак, калі гэта не зьвязана з выпасам быдла, паляваньнем або аховай, «заганнае», а ў 2021 годзе дзясяткі заканадаўцаў асудзілі валоданьне хатнімі жывёламі як «дэструктыўную сацыяльную праблему», якая можа падарваць іранскі лад жыцьця.
У падтрымку гэтага пункту погляду былы дэпутат-кансэрватар Хасан Шоджаі заявіў, што раней сабакі служылі абаронцамі людзей, але цяпер «яны жывуць у дамах і замяняюць дзяцей», што, паводле яго, «сучасна і па-заходняму».
«Гэта не належыць ні нашай традыцыі, ні нашаму Ірану, ні нашаму ісламу», — напісаў ён у сацыяльнай сетцы X.
Хаця няма нацыянальнага закону, які наўпрост забараняе валоданьне сабакамі, улады абапіраюцца на мясцовыя дырэктывы, загады паліцыі і некаторыя артыкулы Крымінальнага кодэксу Ірану і Канстытуцыі, якія тычацца грамадзкай маралі і здароўя, каб апраўдаць забароны. Паводле ацэнак іранскіх СМІ, колькасьць хатніх жывёл у краіне, у тым ліку катоў і сабак, складае каля 6-8 мільёнаў.
Былы кіраўнік Іранскай асацыяцыі вэтэрынараў Паям Махабі заявіў Іранскай службе Радыё Свабода, што законы аб утрыманьні хатніх жывёл неабходныя для абароны як жывёл, так і людзей. Аднак ён рэзка скрытыкаваў цяперашні падыход уладаў.
«Урад выбірае ў якасьці мішэні самых бяскрыўдных членаў грамадзтва, адзінае жаданьне якіх — праява прыхільнасьці да іншай жывой істоты», — сказаў Махабі.
Пашырэньне забароны на выгул сабак разглядаецца многімі як частка больш шырокай кампаніі іранскіх уладаў па кантролі за грамадзкімі месцамі і ўмацаваньні кансэрватыўных сацыяльных норм. Для некаторых іранцаў валоданьне сабакам — як і ігнараваньне законаў аб абавязковым нашэньні хіджаба або наведваньне несанкцыянаваных сходаў — застаецца прыхаваным актам супраціву духоўным кіраўнікам краіны.
Алі Моджтахедзадэ, экспэрт у прававых пытаньнях з Ірану, параўнаў падыход уладаў да кантролю за валоданьнем хатнімі жывёламі са спробамі ўвесьці абавязковае нашэньне хусткі для жанчын і забараніць спадарожнікавае тэлевяшчаньне і адзначыў, што ўсе яны «праваліліся».
«І ўсё ж, як гэта ні дзіўна, мы па-ранейшаму настойліва ідзем па тым жа шляху і адмаўляемся прызнаваць рэальнасьць», — напісаў ён у артыкуле.
Форум