Дата дня
11 чэрвеня 1895 году нарадзіўся Леапольд Родзевіч (1895–1938, Лагойскі р-н), пісьменьнік, драматург, публіцыст, палітычны і грамадзкі дзяяч. Пад уплывам «Нашай нівы» пачаў пісаць па-беларуску. У 1914 пераехаў у Вільню, перад наступам нямецкіх войскаў у 1915 годзе пакінуў горад. З 1919 года жыў у Менску, у 1921 годзе зноў вярнуўся ў Вільню. Рэдагаваў беларускія газэты Вільні: «Беларускі звон», «Наша будучыня» (1922—1923), з 1921 дзеяч Беларускай рэвалюцыйнай арганізацыі (БРА). Адзін з ініцыятараў уступленьня ў 1923 БРА ў КПЗБ.
Арыштаваны ДПУ БССР 18 ліпеня 1933 году ў справе «Беларускага нацыянальнага цэнтру». Адпраўлены ў Саратаў, дзе працаваў у лясьніцтве. Паўторна арыштаваны ў 1938 годзе. Дакладная дата гібелі невядомая.
Таксама ў гэты дзень
1792 — Бітва пад Міром паміж войскам Рэчы Паспалітай і расейцамі.
1863 — падчас паўстаньня 1863–1864 гадоў аддзел кіраўніцтва правінцыямі Літвы выдаў «Прыказ ад жонду польскага над цэлым краем літоўскім і беларускім да народу зямлі літоўскай і беларускай».
1923 — у Белавескай пушчы па дарозе зь Белавежы да Гайнаўкі бальшавіцкія агенты забілі Язэпа Булак-Балаховіча, вайсковага дзеяча БНР, замах рабіўся на брата, Станіслава Булак-Балаховіча.
1923 — выйшла ў сьвет паэма Якуба Коласа «Новая зямля» — прызнаны нацыянальны эпас беларусаў. Паэма пачынаецца вядомымі кожнаму радкамі «Мой родны кут, як ты мне мілы» і расказвае пра пошукі сялянамі сваёй долі, што ўвасобілася ва ўласнай зямлі.
1934 — у Менску адкрылі стадыён «Дынама», які неўзабаве стаў галоўнай спартовай арэнай Беларусі.
1942 — нацысты зьнішчылі габрэйскае гета ў Друі, загінула 1318 чалавек.
2012 — катастрофа СУ-25 пад Наваградкам.
У гэты дзень нарадзіліся
1864 — Рыхард Штраўс, нямецкі кампазытар.
1899 — Ясунары Кавабата, японскі пісьменьнік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі 1968 году.
1910 — Жак Іў Кусто, вынаходнік аквалянга, францускі акіянограф.
1911 — Мікола Панькоў, грамадзка-культурны дзяяч у Латвіі, Нямеччыне і ЗША, журналіст, выдавец, бібліёграф.
1942 — у Буда-Кашалёве нарадзіўся Яраслаў Пятроў, опэрны сьпявак, бас, народны артыст Беларусі.
1954 — Людміла Русава, мастачка.
У памяці
1937 — у «справе Тухачэўскага» былі расстраляныя савецкія военачальнікі Тухачэўскі, Якір, Убарэвіч, Корк і іншыя.
1982 — загінуў, выпаўшы з вакна, Рыгор Семашкевіч, літаратуразнаўца і паэт.
1993 — памёр Віталь Цвірка, беларускі жывапісец.
1997 — памёр Юры Карачун, мастак і мастацтвазнаўца, удзельнік нацыянальна-дэмакратычнага руху 1980–1990-х.
1998 — у ЗША памёр Антон Адамовіч, літаратуразнаўца, гісторык, празаік, супрацоўнік беларускай службы РС.
2011 — ад анкалягічнай хваробы памёр Віталь Сіліцкі, беларускі палітоляг, дырэктар Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS).
2021 — Ігар Жалязоўскі. Наймацнейшы канькабежац сьвету за свае перамогі ўнесены ў Кнігу рэкордаў Гінэса. На Алімпіядзе ў Лілегамэры Ігар стаяў на п’едэстале пад бел-чырвона-белым сьцягам. Сапраўдны волат не перажыў каранавірусу і памёр на 59-м годзе жыцьця.