Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна ўвяла санкцыі супраць кіраўніка Беларускага Чырвонага Крыжа


Дзьмітры Шаўцоў
Дзьмітры Шаўцоў

Дзьмітрыя Шаўцова абвінавачваюць у дачыненьні да незаконнага вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ўвёў у дзеяньне рашэньне Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны аб санкцыях супраць фізычных і юрыдычных асобаў, датычных да расейскай агрэсіі супраць Украіны.

Як адзначаецца ў адпаведным указе ўкраінскага прэзыдэнта, санкцыі супраць кіраўніка Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа Дзьмітрыя Шаўцова ўводзяцца «бестэрмінова, на 50 гадоў».

Сярод іх абмежаваньняў — пазбаўленьне дзяржаўных узнагарод Украіны, блякаваньне актываў, абмежаваньне (поўнае спыненьне) гандлёвых апэрацый, абмежаваньне, частковае ці поўнае спыненьне транзыту рэсурсаў, палётаў і перавозак па тэрыторыі Ўкраіны, перадухіленьне вывядзеньню капіталаў за мяжу Ўкраіны, спыненьне выкананьня эканамічных і фінансавых абавязаньняў, спыненьне дзеяньня або спыненьне ліцэнзій і іншых дазволаў на ажыцьцяўленьне пэўных відаў дзейнасьці і адмысловых дазволаў на карыстаньне нетрамі, забарона ўдзелу ў прыватызацыі, у закупках за сродкі дзяржаўнага бюджэту і іншыя.

Гэта традыцыйны пералік санкцый, якія Ўкраіна ўводзіць супраць фізычных асобаў, незалежна ад віду дзейнасьці грамадзяніна.

У санкцыйны пералік улючылі 46 грамадзян Расеі і Ўкраіны, якія перайшлі на расейскі бок.

Дзьмітры Шаўцоў ачольвае Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа. Яго абвінавачваюць у дачыненьні да незаконнага вывазу ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторыяў.

Улетку 2023 году ён езьдзіў у вопратцы з нашыўкай «Z» на акупаваны Данбас і перадаў туды гуманітарную дапамогу. Перад гэтай паездкай у рэпартажы тэлеканалу «Беларусь-1» Шаўцоў прызнаўся, што яго арганізацыя бярэ ўдзел у вывазе дзяцей з Украіны.

Пазьней міжнародны Чырвоны Крыж заявіў, што ня мае дачыненьня да паездкі кіраўніка беларускай філіі на акупаваны Данбас, а таксама выказаў заклапочанасьць і гатоўнасьць спыніць падобную дзейнасьць у будучыні. Шаўцоў застаўся на сваёй пасадзе, нягледзячы на заклікі зьняць яго. Але міжнароднае таварыства Чырвонага Крыжа прыпыніла сяброўства беларускай адзінкі ў сваёй структуры.

Эўразьвяз уключыў Дзьмітрыя Шаўцова ў 13-ы пакет санкцый.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG