Выданьне «Важные истории» ў апублікаваным у аўторак расьсьледаваньні сьцьвярджае, што за інфраструктуру заснаванага Паўлам Дуравым мэсэнджара Telegram адказваюць кампаніі, якія адначасова з гэтым абслугоўваюць комплексы расейскіх спэцслужбаў, што выкарыстоўваюцца для сачэньня за грамадзянамі. Гэта, як сьцьвярджаецца ў расьсьледаваньні, ставіць пад пагрозу бясьпеку дадзеных карыстальнікаў Telegram па ўсім сьвеце. Колькасьць карыстальнікаў нядаўна перавысіла мільярд.
«Адна з галоўных прычын, чаму сотні мільёнаў людзей у сьвеце давяраюць свае таямніцы „Тэлеграму“, — створаны Паўлам Дуравым вобраз непахіснага змагара за свабоду, які стаіць на варце прыватнасьці карыстальнікаў і зазнае праз гэта перасьлед з боку ўладаў Расеі і іншых краін», — пішуць «Важныя гісторыі», зазначаючы, што рэальнасьць крыху інакшая.
Як заяўляе выданьне з спасылкай на экспэртаў, пратакол мэсэнджара дазваляе расейскім спэцслужбам выяўляць ідэнтыфікатары прыладаў, зь якіх карыстальнікі заходзяць у Telegram, ува ўсіх месцах, дзе ў іх ёсьць доступ да інтэрнэт-інфраструктуры. «Важные истории» выступаюць таксама са сьцьвярджэньнем, што расейскія спэцслужбы ў прынцыпе могуць сачыць за карыстальнікамі Telegram ня толькі на тэрыторыі Расеі, але і за мяжой, бо сэрвісы мэсэнджара адмініструе кампанія з Антыгуа і Барбуда — Global Network Management (GNM). Яе ўзначальвае нехта Ўладзімір Ведзянееў.
Выснову аб тым, што расейскія спэцслужбы могуць сачыць за карыстальнікамі па ўсім сьвеце, «Важные истории» робяць на падставе таго, што Ведзянееў раней меў дачыненьне да расейскіх кампаній «Глобалнет» і «Электронтэлекам», заказчыкамі якіх былі расейскія дзяржаўныя структуры, у тым ліку і ФСБ. Як пішуць «Важныя гісторыі», Ведзянееў адмовіўся ад камэнтароў, а Дураў запыт аб камэнтарах праігнараваў. Камэнтароў Дурава пасьля выхаду расьсьледаваньня пакуль не было.
Павел Дураў жыве за мяжой ад 2014 году, аднак, як раней высьветлілі «Важные истории», за гэты час ён ня раз прыяжджаў у Расею. Летась яго арыштавалі ў Францыі, грамадзянінам якой ён зьяўляецца. Супраць яго завялі крымінальную справу паводле некалькіх абвінавачаньняў, зьвязаных з тым, што Telegram, як сьцьвярджаецца, адмаўляўся супрацоўнічаць з праваахоўнымі органамі Францыі і тым спрыяў зьдзяйсьненьню злачынстваў з выкарыстаньнем мэсэнджара. Дураў на волі, але ня можа пакідаць Францыю без дазволу.
У інтэрвію амэрыканскаму тэлевядоўцу Такеру Карлсану, апублікаваным напярэдадні, Дураў сказаў, што дагэтуль не разумее, у чым канкрэтна яго абвінавачваюць, і паўтарыў, што мэсэнджар ня можа адказваць за дзеяньні канкрэтных карыстальнікаў. Ён лічыць, што затрымліваць яго было празьмерным захадам. «Гэта шкодзіць іміджу Францыі», — сказаў Дураў.
Форум