Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікі тэатар Беларусі зьбіраецца на гастролі ў акупаваны Крым. Многія артысты супраць


Нацыянальны тэатар опэры і балету ў Менску, архіўнае фота
Нацыянальны тэатар опэры і балету ў Менску, архіўнае фота

Нацыянальны тэатар опэры і балету Беларусі выступіць у акупаваным Крыме. Пра гэта «Зеркало» даведалася зь некалькіх не зьвязаных паміж сабой крыніцаў.

Гастролі балетнай трупы тэатру, паводле «Зеркала», заплянаваныя на другую дэкаду жніўня. Беларусы прывязуць у Севастопаль балет «Жызэль», плянуюцца чатыры паказы.

Трупу павязе ў Крым расеец Арцём Макараў — галоўны дырыжор і мастацкі кіраўнік менскага Опэрнага. Паралельна Макараў працуе галоўным дырыжорам Маскоўскага дзіцячага музычнага тэатру імя Наталіі Сац.

Калектыў «па большай частцы супраць» паездкі ў Крым, кажа адзін з суразмоўцаў «Зеркала», але тэатар цісьне на артыстаў, у тым ліку намякаючы на праблемы ў далейшай кар’еры. Тым ня менш нямала людзей напісалі адмовы, у прыватнасьці ў аркестры.

«Многія штатныя супрацоўнікі адмаўляюцца ехаць, кіраўніцтва зьбірае музыкаў па іншых калектывах, — пацьвярджае другі суразмоўца. — Музыкам кажуць на ўзроўні намесьніка дырэктара (ім, як пазначана на сайце, працуе Вадзім Мартысевіч. — Заўв. „Зеркала“), што калі хто не паедзе, возьмуць збоку колькі трэба [музыкаў], і гастролі ўсё роўна адбудуцца».

Адна з крыніцаў таксама сьцьвярджае, што артыстаў прымушаюць падпісаць дакумэнт, што тэатар не нясе адказнасьці за іхную бясьпеку на гастролях, але іншыя не змаглі пацьвердзіць ці абвергнуць гэтыя зьвесткі.

Афіцыйна сталічны тэатар пакуль не абвяшчаў пра паездку ў анэксаваны Расеяй Крым. Інфармацыі на сайце ці ў сацсетках калектыву пра гэтыя гастролі пакуль няма.

Як адзначаў у 2023-м у інтэрвію «Зеркалу» дырыжор Іван Касьцякін, пасьля 2020 году з трупы балету ў Опэрным тэатры звольнілася ці было звольнена каля траціны складу.

«У асноўным гэта людзі дасьведчаныя — цяпер яны працуюць у Амэрыцы, Італіі, Францыі, Польшчы, краінах Балтыі. Звольненыя ёсьць і сярод салістаў, і ў аркестры. Сярод іх вельмі значныя постаці, якія вызначаюць узровень спэктакляў і статус тэатру. Былі музыкі, якія сышлі сьледам за звольненымі ў знак пратэсту».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG