Пра заяву ў міліцыю бацька памерлай школьніцы напісаў у сацыяльных сетках. Гэта заўважыла выданьне «Флагшток».
Паведамляецца, што мужчына ў заяве апісаў сытуацыю. Затым дакумэнт павінны перадаць у Сьледчы камітэт, які разам зь Міністэрствам здароўя працягвае праверкі і экспэртызы па факце сьмерці 14-гадовай школьніцы. Паводле ейнага бацькі, праверка будзе праводзіцца цягам двух месяцаў.
Школьніца раптоўна памерла 17 траўня. У той дзень дзяўчынку шпіталізавалі, а празь некалькі гадзін бацькам паведамілі, што яна знаходзіцца ў коме ў рэанімацыі. Да канца сутак школьніца памерла.
Пасьля гэтага сацыяльныя службы сталі ціснуць на братоў і сясьцёр памерлай дзяўчынкі. Пачаліся спробы ачарніць памяць памерлай дзяўчынкі: яе пачалі абвінавачваць у курэньні і кепскіх паводзінах. Бацька заявіў, што не разумее спробаў прызнаць сацыяльна небясьпечнае становішча (СНС) для сваёй шматдзетнай сям'і:
«Ніколі не лічыў сваю сям’ю сацыяльна небясьпечнай. Мы не алькаголікі, усе дзеці здаровыя, накормленыя, адзетыя».
Ён падзякаваў усім за падтрымку і сказаў, што будзе чакаць афіцыйных вынікаў праверак і «дамагацца, каб стала вядомая праўда».
Форум