Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусь прыехаў патрыярх Кірыл. Што вядома пра яго, ягоныя багацьці і падатковы псэўданім


Сустрэча патрыярха Кірыла з Аляксандрам Лукашэнкам у 2018 годзе
Сустрэча патрыярха Кірыла з Аляксандрам Лукашэнкам у 2018 годзе

У аэрапорце Менску Кірыла сустрэлі мітрапаліт Веньямін, духавенства, пасол Расеі Барыс Грызлоў, віцэ-прэм'ерка Натальля Пяткевіч і ўпаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Аляксандр Румак, паведамляе прэс-служба патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі.

Кіраўнік расейскай праваслаўнай царквы плянуе ўзяць удзел у сьвяткаваньні 900-годзьдзя зь дня заснаваньня Спаса-Эўфрасіньнеўскага жаночага манастыра ў Полацку. Урачыстасьці пройдуць 4-5 чэрвеня. Патрыярх правядзе багаслужбы ў Сьвята-Духаўскім саборы Менска і Крыжа-Узьвіжанскім саборы кляштара ў Полацку.

Пра гэта дамовіліся на сустрэчы 28 траўня пасол Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў і патрыяршы экзарх усяе Беларусі, мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Веньямін.

Што варта ведаць пра патрыярха Кірыла:

  • Ўладзімір Гундзяеў стаў патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі 27 студзеня 2009 году.
  • Будучы мітрапаліт стварыў сабе багацьце на тытунёвым і нафтавым бізнэсе. У 1992 годзе «сьвятар-камэрсант» Гундзяеў адкрыў фінансава-гандлёвую групу «Ніка». Кампанія займалася ўвозам тытунёвай прадукцыі пад выглядам гуманітарнай дапамогі — у такім выпадку цыгарэты не абкладаліся мытам.
  • Пазьней Кірыл займаўся экспартам нафты, у гэтым выпадку ўрад таксама вызваліў яго ад сплаты мыта. На пачатку 2000-х Кірыл выходзіў на рынак як уладальнік кампаніі па адлове камчацкіх морапрадуктаў, а ў Калінінградзе ён меў аўтабізнэс
  • Дакладныя памеры ягонага багацьця невядомыя, экспэрты кажуць пра дыяпазон 1,5–4 мільярды даляраў, ня лічачы нерухомасьці і прадметаў раскошы.
  • Па інфармацыі The New Times, у 2002 годзе Кірыл набыў пэнтхаўс зь відам на храм Хрыста Збавіцеля. Ягоная сталая жылая рэзыдэнцыя — палац у Перадзелкіне, дзеля якога зьнесьлі некалькі дамоў мясцовых жыхароў. Таксама ў яго ёсьць рэзыдэнцыі ў Патрыяршых палатах Крамля, у Чыстым завулку Масквы, у Геленджыку і на Валааме. У той жа час у калядным пасланьні 2020 году патрыярх Кірыл заклікаў вернікаў адмовіцца ад камфорту як найвышэйшай каштоўнасьці.
  • У базе Фэдэральнай падатковай службы (ФНС) патрыярх Кірыл зарэгістраваны пад псэўданімам «Іван Захаравіч Прохараў», даведалася «Сыстэма» — расьсьледніцкі праект «Настоящего времени» і Радыё Свабода. Сакрэтнае падатковае імя звычайна выкарыстоўваюць чыноўнікі і сілавікі, каб схаваць маёмасьць.
  • Праваабаронцы, якія вывучылі адпаведныя дакумэнты, сьцьвярджаюць, што ўладыка Кірыл доўгія гады быў агентам КДБ зь мянушкай «Міхайлаў». У 2003 годзе сябра Маскоўскай Хэльсынскай групы сьвятар Георгі Эдэльштэйн накіраваў прэзыдэнту Расеі Ўладзіміру Пуціну ліст, у якім абвінавачваў мітрапаліта Кірыла ў сувязях з КДБ.
  • Патрыярх Кірыл адкрыта падтрымлівае расейскую агрэсію ва Ўкраіне. Летась удзельнікі расейскага народнага сабору пад ягоным старшынствам назвалі расейскае ўварваньне ва Ўкраіну «сьвяшчэннай вайной», падчас якой Масква абараняе сьвет ад «захаду, які ўпаў у сатанізм».
  • Кірыл двойчы быў у Беларусі: у 2012 і 2018. У 2018 ён назваў Беларусь часткай «нашай зямлі»: «Белая Русь — гэта асаблівая частка гістарычнай Русі. Тут з глыбокай старажытнасьці цёплы агонь праваслаўнай веры. Таму Белая Русь зьвязаная з самымі вытокамі праваслаўнай веры на нашай зямлі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG