Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія праваабаронцы падрыхтавалі даклад аб выкананьні правоў чалавека ў працоўнай сфэры і зьвярнуліся ў МАП


Сымболіка Міжнароднай арганізацыі працы (МАП)
Сымболіка Міжнароднай арганізацыі працы (МАП)

Аўтары дакладу адзначаюць, што ў Беларусі назіраюцца сыстэмныя і маштабныя парушэньні працоўных правоў, што закранаюць шырокае кола працаўнікоў.

Даклад за апошнія некалькі гадоў падалі спэцыяльнаму дакладчыку ААН з нагоды пачатку ў Жэнэве 113-й сэсіі канфэрэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы (МАП).

Даклад падрыхтавалі Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў, Асацыяцыя беларускага бізнэсу за мяжой, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звоскава, Беларускі Хэльсынскі Камітэт, Lawtrend, Офіс правоў людзей з інваліднасьцю, Беларускі ПЭН, праект «Права на абарону», «Рабочы рух», Праваабарончы цэнтар «Вясна». Агульную каардынацыю рыхтаваньня дакладу ажыцьцяўляў Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў.

Кааліцыя беларускіх НДА расказала пра сытуацыю ўва ўсім спэктры працоўных правоў у Беларусі і прапанавала рэкамэндацыі, якія варта адрасаваць уладам Беларусі ды міжнароднай супольнасьці з гледзішча працоўных стандартаў і правоў чалавека, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Асноўныя праблемы — фактычная ліквідацыя свабоды аб’яднаньня шляхам ліквідацыі ўсіх незалежных прафсаюзаў, перасьлед актывістаў грамадзянскай супольнасьці ды сяброў незалежных прафсаюзаў, масавыя звальненьні й ціск на неляяльных уладам працаўнікоў, у тым ліку з палітычных матываў.

Праваабаронцы таксама расказалі, што былыя палітычныя зьняволеныя, адвакаты, жанчыны, асобы з інваліднасьцю ды іншыя ўразьлівыя групы цярпяць ад дыскрымінацыі ў працаўладкаваньні, а таксама на працоўным месцы. Шырока выкарыстоўваецца прымусовая праца ў пэнітэнцыярнай сыстэме, лячэбна-працоўных прафілякторыях, у форме абавязковых суботнікаў і «грамадзка-карысных працаў».

На дзяржаўных прадпрыемствах Беларусі распаўсюджаная палітызацыя кадравай сфэры: існуюць пасады намесьнікаў у ідэалёгіі — супрацоўнікаў КДБ, пішуць аўтары дакладу, адбываюцца ператрусы й арышты проста на працоўных месцах. Працадаўцы таксама прымушаюць супрацоўнікаў падпісваць абавязаньні аб «неляяльнасьці да экстрэмісцкай дзейнасьці».

Пры гэтым падкантрольная дзяржаве Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі й прадзяржаўныя прафсаюзы, якія ўваходзяць у яе склад, захоўваюць маўчаньне аб парушэньнях і актыўна ўзаемадзейнічаюць з афіцыйнымі ўладамі ў рэпрэсіях супраць працаўнікоў, зазначаюць у дакладзе.

Даклад нагадвае міжнародныя абавязаньні Рэспублікі Беларусь — добрасумленна выконваць рэкамэндацыі інстытутаў ААН у пытаньні аб свабодзе асацыяцыяў, мірных сходаў, выказваньня думак; заклікае цалкам выканаць рэкамэндацыі Камісіі МАП, у тым ліку ў рамках арт. 33 Статуту МАП у дачыненьні да свабоды абʼяднаньняў.

Аўтары патрабуюць:

  • спыніць рэпрэсіі супраць працаўнікоў, актывістаў грамадзянскай супольнасьці, НДА і незалежных прафсаюзаў;
  • вызваліць незаконна пазбаўленых волі актывістаў і аднавіць несправядліва звольненых працаўнікоў з выплатай ім кампэнсацый.
  • скасаваць прымусовую працы ў пэнітэнцыярнай сыстэме Беларусі, падаўшы пацярпелым эфэктыўныя сродкі прававой абароны,
  • патрабуюць неадкладна спыніць усе палітычна матываваныя звальненьні,
  • скасаваць чорныя сьпісы, якія абмяжоўваюць доступ да прафэсіяў,
  • перагледзець заканадаўства, якое дазваляе звальненьні з прычыны палітычных поглядаў.
  • рэалізацыі права ствараць прафсаюзы і ўваходзіць у іх з уласнага выбару, аднавіць прымусова зьліквідаваныя незалежныя прафсаюзы, забясьпечыць ім спрыяльныя ўмовы для працы і спыніць умяшаньне ў іх дзейнасьць (судовы перасьлед, ператрусы, замарожваньне актываў і дыскрэдытацыю),
  • вызначыць у законе парадак свабоднага правядзеньня страйкаў.

Беларусь не ратыфікавала Факультатыўны пратакол да Міжнароднага пакту аб эканамічных, сацыяльных і культурных правах, які вызначае працэдуру падачы скаргаў аб працоўных правах, абароненых пактам.

8 лютага 2023 году Беларусь выйшла з Факультатыўнага пратаколу да Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які дае асобам права падаваць скаргі ў Камітэт правоў чалавека ААН.

Доўгі час Беларусь уваходзіць у лік найгоршых у сьвеце краін у выкананьні правоў працоўных, згодна з глябальным індэксам правоў чалавека, апублікаваным Міжнароднай канфэдэрацыяй прафсаюзаў (МКП). У справаздачах за 2023 і 2024 гады Беларусь увайшла ў дзясятку краін з найгоршымі ўмовамі працы разам з Банглядэш, Эгіптам, Мʼянмай.

«Беларусь сыстэматычна, больш за 20 гадоў, не выконвае сваіх абавязаньняў перад Міжнароднай арганізацыяй працы (МАП), ігнаруючы рэкамэндацыі яе камісіі расьсьледаваньняў, створанай у 2004 годзе ў сувязі з парушэньнямі свабоды абʼяднаньняў і працоўных правоў», — адзначаюць аўтары.

Аўтары дакладу заклікалі ўдзельнікаў канфэрэнцыі МАП праявіць салідарнасьць зь незаконна звольненымі і пазбаўленымі волі працоўнымі ў Беларусі.

«У ХХІ стагодзьдзі няма месца рабству і дыскрымінацыі паводле прафсаюзнай, палітычнай і гендэрнай прыналежнасьці! Дзяржавы мусяць добрасумленна ўдзельнічаць у сацыяльным дыялёгу, а не выбіраць яго бакі шляхам кантраляваных імі ўтварэньняў — такіх як Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі, і зьнішчэньня апанэнтаў — незалежных прафсаюзаў», — заявіла кааліцыя беларускіх НДА і Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

17 актывістаў за кратамі, 8 выйшлі на волю

У беларускіх вязьніцах застаюцца 17 лідэраў і актывістаў незалежных прафсаюзаў і рабочага руху, якія пацярпелі ад рэпрэсіяў пасьля 2020 году.

Гэта Вацлаў Арэшка, Аляксандар Ярашук, Генадзь Фядыніч, Вольга Брыцікава, Андрэй Ханевіч, Арцём Жарнак, Аляксандар Кандрацюк, а таксама Ганна Аблаб, Аляксандар Гашнікаў, Сяргей Дзюба, Уладзімер Жураўка, Аляксандар Капшуль, Ігар Мінц, Андрэй Пагерыла, Валянцін Цераневіч, Сяргей Шамецька, Сяргей Шэлест.

Паводле «Вясны», цалкам адбылі пакараньне і вызваліліся актывісты незалежнага прафсаюзнага руху былыя палітвязьні Сяргей Антусевіч, Ірына Бут-Гусаім і Зінаіда Міхнюк.

Васіль Берасьнеў выйшаў на волю праз памілаваньне.

Адбылі «хатнюю хімію» актывісты Міхаіл Громаў, Аляксандар Мялешка, Галіна Сьмірнова і Сьвятлана Саковіч.

Ліквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі

У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.

«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.

22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.

«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»

«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.

30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.

«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.

Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.

Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.

Праз год пасьля пачатку масавага ціску, у ліпені 2022 году, стала вядома, што ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый. А маніторынг Lawtrend на канец 2022 году паказаў, што за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.

Адной з галоўных падзей стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў у краіне. Лідэрам арганізацый прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны.

Сярод зьліквідаваных арганізацый

  • • Human Constanta
  • • Беларуская асацыяцыя журналістаў
  • • Беларускі Хэльсынскі камітэт
  • • Гродна Лайф Медыя
  • • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
  • • Зьвяно
  • • Имена
  • • Мова нанова
  • • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
  • • ПЭН-цэнтар
  • • Прававая ініцыятыва
  • • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
  • • Тэрыторыя правоў
  • • Цэнтар прававой трансфармацыі
  • • Экадом
  • Таварыства беларускай мовы
  • Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску
  • Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП)
  • Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ)
  • Беларускі незалежны прафсаюз (БНП)
  • Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП)

2024 год. У апублікаваным 7 траўня аглядзе праваабарончай арганізацыі Lawtrend гаворыцца, што за пэрыяд пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і да канца красавіка 2024-га ўлады Беларусі зьліквідавалі ня менш за 1622 некамэрцыйныя арганізацыі. У працэсе прымусовай ліквідацыі знаходзілася ня менш за 1003 НКА, рашэньне аб самастойнай ліквідацыі прынялі сама меней 619.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG