Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія выдаўцы сталі ляўрэатамі прэстыжнай міжнароднай прэміі


Дзьмітры Строцаў на цырымоніі ўзнагароджаньня ў нарвэскім Лілехамэры, 2 чэрвеня 2025
Дзьмітры Строцаў на цырымоніі ўзнагароджаньня ў нарвэскім Лілехамэры, 2 чэрвеня 2025

Беларускія выдаўцы Надзея Кандрусевіч і Дзьмітры Строцаў сталі ляўрэтамі прэміі Prix Voltaire 2025 Міжнароднай асацыяцыі выдаўцоў (IPA) за свабоду публікацыі.

Выдаўцоў уганаравалі за адданасьць выдавецкай справе, нягледзячы на пагрозы, перасьлед і выгнаньне зь Беларусі.

Беларуска Надзея Кандрусевіч заснавала выдавецтва дзіцячых кніг Koska ў Беларусі ў 2018 годзе, каб выпускаць літаратуру на беларускай мове. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году ў выдавецтва «Коска» канфіскавалі выданьні, а офісы зачынілі. З 2022 году Надзея Кандрусевіч працягвае сваю працу ў эміграцыі, і па-ранейшаму друкуе кнігі для беларускіх дзяцей.

Яна не змагла прысутнічаць на цырымоніі ўзнагароджаньня. Але перадала пасланьне:

«Дзякую за вялікі гонар — атрымаць прэмію „Prix Voltaire“. Гэтае прызнаньне пацьвярджае ня толькі важнасьць выданьня і перакладу дзіцячых кніг, але і веру ў ціхую сілу слова: фармаваць мысьленьне, адкрываць сэрцы, будаваць масты паміж мовамі, культурамі ды пакаленьнямі. Веру ў тое, што нават самым маленькім чытачам патрэбныя гісторыі, якія гавораць праўду, разьвіваюць уяўленьне і робяцца люстэркам — ці акном — у сьвет. Гэтая прэмія належыць усім перакладчыкам, выдаўцам і аўтарам, якія працягваюць працаваць, нягледзячы ні на што. Усім дзецям, што чытаюць або слухаюць гісторыі перад сном, і ўсім бацькам, што вераць у сілу добрай кнігі».

Паэт і выдавец Дзьмітры Строцаў выступіў на цырымоніі з прамовай па-беларуску.

«У сакавіку 2022 году я зьехаў на Захад з адной маленькай валізкай. Я ўцякаў ад палітычнага перасьледу, але і рыхтаваўся да новай місіі — скарыстаць трыццаць гадоў выдавецкага досьведу, каб стварыць свабоднае беларускае выдавецтва ў выгнаньні. Сёньня каля трыццаці беларускіх выдавецтваў аднавіліся ці ўзьніклі ў выгнаньні — і мы ўсе цесна зьвязаныя паміж сабой. Мы маем выдавецкую супольнасьць.

Я хачу падзякаваць Міжнароднай асацыяцыі выдаўцоў за прэмію Вальтэра. Гэта важная падтрымка беларускага дэмакратычнага супраціву, гэта адкрытае запрашэньне для незалежных выдаўцоў-беларусаў далучыцца да глябальнай выдавецкай сям’і».

Кіраўніца IPA Гванца Джобава сказала, што для асацыяцыі гонар адзначыць беларускіх выдаўцоў, для якіх кнігадрук — гэта яшчэ супраціў.

«Рызыкуючы сабой, яны натхняюць надзеяй, патрабуюць роздуму, нясуць культуру», — сказала яна.

Дзьмітры Строцаў — адзначаны ўзнагародамі беларускі паэт, выдавец і актывіст. Пасьля таго, як яго выдавецтва «Вінаград» пазбавілася ліцэнзіі ў Беларусі, ён працягнуў падпольна выдаваць кнігі, насуперак дзяржаўнай цэнзуры. Арыштаваны ў кастрычніку 2020 году, Строцаў пасьля сутыкнуўся з пагрозамі і абмежаваньнямі ў сваёй працы. Ён быў вымушаны пакінуць краіну, пераехаў у Бэрлін і заснаваў там выдавецтва Hochroth Minsk як плятформу для беларускіх пісьменьнікаў, каб яны маглі свабодна публікаваць свае творы.

  • У мінулым годзе ў шорт-ліст прэміі ўвайшоў беларускі выдавец Андрэй Янушкевіч.
  • Міжнародная асацыяцыя выдаўцоў (IPA) заснаваная ў 1896 годзе. Яе місія — спрыяць кнігавыданьню, абараняць яго і павышаць веды пра выдавецкую дзейнасьць.
  • Ва ўсім сьвеце IPA актыўна змагаецца супраць цэнзуры і спрыяе захаваньню аўтарскіх правоў, пісьменнасьці і свабоды друку. Гэта прафэсійная асацыяцыя праваабарончага кірунку.
  • У Асацыяцыю ўваходзяць 60 арганізацый больш як з 50 краінаў. Цэнтральны офіс месьціцца ў Жэнэве.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG