Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ілан Маск заявіў, што пакідае адміністрацыю Трампа


Ілан Маск
Ілан Маск

Мільярдэр Ілан Маск сыходзіць з пасады галоўнага дарадцы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, дзе ён змагаўся зь бюракратыяй і празьмернымі, на ягоны погляд, выдаткамі.

Ілан Маск заявіў, што пакідае адміністрацыю Трампа.

Пра гэта ён паведаміў у сваёй сацыяльнай сетцы X.

Ягоны сыход азначае завяршэньне бурлівага пэрыяду з звальненьнямі тысяч чалавек, ліквідацыяй дзяржаўных установаў і мноства судовых справаў, — адзначае AP.

Нягледзячы на ўсе гэтыя перамены, бізнэсовец-мільярдэр сутыкнуўся зь цяжкасьцямі ў нязвыклым для яго палітычным полі і дасягнуў значна менш, чым спадзяваўся.

Сьпярша як кіраўнік Дэпартамэнту эфэктыўнасьці ўраду (DOGE) ён хацеў скараціць выдаткі на 2 трыльёны, потым панізіў плянку да 1 трыльёна і ўрэшце — да 150 мільярдаў. Маск усё часьцей наракаў на перашкоды і супраціў.

Нядаўна Маск даў зразумець, што пераключыцца з палітыкі на свой бізнэс — выпуск аўтамабіляў Tesla і касьмічную праграму SpaceX.

«Паколькі мой заплянаваны тэрмін у якасьці спэцыяльнага дзяржаўнага супрацоўніка заканчваецца, я хацеў бы падзякаваць прэзыдэнту @realDonaldTrump за магчымасьць скараціць марнатраўныя выдаткі, — напісаў ён. — Місія @DOGE будзе з часам толькі ўзмацняцца, бо яна стане стылем жыцьця ва ўрадзе».

Службовец Белага дому на ўмовах ананімнасьці пацьвердзіў AP сыход Маска.

Маск абвясьціў пра сваё рашэньне празь дзень пасьля публікацыі на CBS часткі інтэрвію, дзе ён сказаў, што «расчараваны» так званым «вялікім прыгожым законам» Трампа. Гэты закон прадугледжвае скарачэньне падаткаў і ўзмацненьне іміграцыйнага кантролю. Маск назваў яго «велізарным законам аб выдатках», які павялічвае фэдэральны бюджэтны дэфіцыт і «падрывае працу» ягонага Дэпартамэнту эфэктыўнасьці ўраду.

«Я думаю, закон можа быць вялікім або прыгожым, — сказаў Маск. — Але ня ведаю, ці можа ён быць і такім і гэткім адначасова».

Тым часам Белы дом з падачы DOGE разглядае скасаваньне вылучэньня 8,3 мільярда даляраў на замежную дапамогу і 1,1 мільярда на фінансаваньне Карпарацыі грамадзкага вяшчаньня.

Раней Маск быў поўны энтузіязму што да рэарганізацыі амэрыканскай улады. Але нядаўна ён сказаў The Washington Post: «Фэдэральная бюракратыя ў значна горшым стане, чым я ўсьведамляў».

Ілан Маск і Дональд Трамп ня раз прыязна выказваліся адзін пра аднаго.

«Чым больш я даведваюся пра прэзыдэнта Трампа, тым больш ён мне падабаецца, — казаў Маск у лютым. — Шчыра кажучы, я яго люблю».

Трамп у сваю чаргу называў Маска «сапраўды выдатным амэрыканцам». А калі Tesla сутыкнулася са зьніжэньнем продажаў, ён ператварыў двор Белага дому ў імправізаваную выставу, каб выказаць сваю падтрымку бізнэсмэну.

Ілан Маск — сузаснавальнік або інвэстар кампаніяў SpaceX, Tesla, Neuralink, X.com і іншых. Ён ураджэнец Паўднёвай Афрыкі, жыве і працуе ў Злучаных Штатах (мае паўднёваафрыканскае, канадзкае і амэрыканскае грамадзянствы). У студзені 2021 году яго назваў найбагацейшым чалавекам у сьвеце часопіс Forbes.

  • На выбарах прэзыдэнта ЗША ў 2024 годзе мільярдэр Ілан Маск падтрымаў Дональда Трампа, у тым ліку грашыма.
  • Пасьля прыходу да ўлады Дональд Трамп прызначыў Ілана Маска кіраўніком новастворанага Дэпартамэнту дзяржаўнай эфэктыўнасьці (DOGE).
  • DOGE правёў значныя скарачэньні ў фэдэральных ведамствах ЗША, але гэтыя рашэньні сталі прадметам спрэчак у судах.
  • У кастрычніку 2022 году Маск набыў плятформу мікраблогаў Twitter за 44 мільярды даляраў. Камэнтуючы куплю, бізнэсовец заявіў, што мае намер перабудаваць стратную кампанію. Пазьней Маск абвясьціў аб стварэньні супэраплікацыі X. У красавіку 2023 году Twitter быў паглынуты кампаніяй X Corp., сацыяльная сетка афіцыйна зьмяніла назву на X.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG