Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белы дом загадаў амбасадам ЗША часова не прызначаць сумоўі для атрыманьня студэнцкіх візаў


Белы дом, Вашынгтон. Архіўнае фота
Белы дом, Вашынгтон. Архіўнае фота

Улады ЗША хочуць увесьці абавязковую праверку сацыяльных сетак кандыдатаў на студэнцкія візы.

Амбасады ЗША атрымалі ад адміністрацыі Дональда Трампа ўказаньне не прызначаць новыя сумоўі для атрыманьня студэнцкіх візаў, бо заяўнікаў хочуць правяраць у сацыяльных сетках, паведаміла выданьне Politico.

Пра гэта ж паведамляе тэлеканал CNN. Абодва выданьні спасылаюцца на дыпляматычную дэпэшу, якую дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё разаслаў у амбасады ЗША.

«З гэтага моманту дзеля рыхтаваньня да пашырэньня абавязковай праверкі ў сацыяльных сетках і адбору консульскія аддзелы не павінны прызначаць дадатковы час для запісу на прыём у пытаньнях студэнцкіх ці абменных візаў (F, M і J) да таго часу, пакуль ня будуць выпушчаныя асобныя ўказаньні, якія мы чакаем у бліжэйшыя дні», — гаворыцца ў дакумэнце.

Не ўдакладняецца, на што будзе накіравана праверка сацыяльных сетак патэнцыйных студэнтаў і што яна мае выяўляць. Politico адзначае, што калі адміністрацыя Трампа ажыцьцявіць гэты плян, гэта можа сур’ёзна запаволіць апрацоўку заяваў на студэнцкія візы, а таксама адбіцца на шматлікіх унівэрсытэтах, якія ў значнай ступені залежаць фінансава ад замежных студэнтаў.

Раней адміністрацыя ўжо ўводзіла пэўныя патрабаваньні праверкі сацыяльных сетак, але ў асноўным яны датычылі студэнтаў, якія вяртаюцца ў ЗША і якія маглі ўдзельнічаць у акцыях пратэсту супраць дзеяньняў Ізраілю ў сэктары Газа.

Адміністрацыя таксама робіць захады для ўзмацненьня кантролю за ўнівэрсытэтамі, якія, на яе думку, празьмерна лібэральныя і патураюць праявам антысэмітызму ў сваіх кампусах. Мацней за ўсё сапсаваліся адносіны Белага дому і Гарварду. Адміністрацыя Трампа абвінавачвае ўнівэрсытэт у антысэмітызьме за студэнцкія прапалестынскія акцыі ў 2023–2024 гадах. У Гарвардзе лічаць, што ўлады перавышаюць свае паўнамоцтвы.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG