Кіраўнік Службы вонкавай выведкі Ўкраіны Алег Івашчанка заявіў, што Беларусь не атрымлівала ядзернай зброі ад Расеі.
«Ёсьць носьбіты. Гэта праўда. Ёсьць самалёты, ёсьць ракеты „Іскандэр“. Але ў самой Беларусі няма ядзернай зброі. Гэта факт… Яны ствараюць склады, рыхтуюцца, будуюць. Лукашэнка кажа, што да канца году ў іх будзе „Арэшнік“. Але гэта выглядае як ахвота выдаць жаданае за сапраўднае. На сёньня нічога падобнага няма, і наўрад ці зьявіцца», — сказаў Івашчанка ў інтэрвію агенцтву Укрінформ.
Наконт таго, ці можна чакаць пагрозы ад Беларусі, кіраўнік выведкі адзначыў, што сёньня беларускае войска ня здольнае на маштабныя баявыя апэрацыі.
«Усё, што яны трымаюць каля нашай мяжы, — гэта каля дзьвюх тысяч салдатаў, каб проста адцягнуць нас. Гэта значыць, баявы склад невялікі, да вайны ён быў ня ў стане весьці наступальныя апэрацыі, і іхныя вайскоўцы маральна да гэтага не гатовыя», — сказаў Івашчанка.
У сакавіку Аляксандар Лукашэнка заявіў, што да канца году Масква перадасьць Беларусі некалькі ракетных комплексаў «Арэшнік». Пускавыя ўстаноўкі для ракетнага комплексу, адзначыў ён, вырабляюць у Беларусі.
26 студзеня Лукашэнка заявіў журналістам, што «Арэшнік» будзе дастаўлены ў Беларусь «з дня на дзень». Паводле словаў Лукашэнкі, ён «жартаваў», калі раней заяўляў пра неабходнасьць разьмяшчэньня ў Беларусі 10 такіх ракетных комплексаў. Пуцін зрабіў яму «заўвагу» з гэтай нагоды, бо Расея не абяцала такой колькасьці гэтай зброі, дадаў ён.
Улады Беларусі хутка будуюць вайсковую інфраструктуру ў Асіповічах — гэта бачна на спадарожнікавых здымках. Паводле экспэртаў у галіне абароны, менавіта тут можа знаходзіцца расейская ядзерная зброя, пра гэта раней пісала Свабода.
25 сакавіка 2023 году Ўладзімір Пуцін заявіў аб плянах Расеі разьмясьціць у суседняй Беларусі тактычную ядзерную зброю. Лукашэнка сьцьвярджаў, што на тэрыторыі Беларусі 10 сьнежня 2024 году была ядзерная зброя, але не прывёў ніякіх доказаў сваім словам.
Форум