Сьледчыя ўпраўленьня Службы бясьпекі Ўкраіны ў Херсонскай вобласьці завялі супраць ураджэнца Слуцку, грамадзяніна Расеі Віктара Багатурава крымінальную справу паводле ч. 1 артыкулу 438 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны (парушэньне законаў і звычаяў вайны).
Як стала вядома Свабодзе, міжнародны вышук Віктара Багатурава абвясьцілі 31 сакавіка і завочна арыштавалі яго 24 красавіка 2025 году.
Як усё адбывалася
Украінскі паўднёвы горад Скадоўск Херсонскай вобласьці расейцы захапілі 9 сакавіка 2022 году. Як пазьней у інтэрвію выданьню Suspilne.media паведаміў мэр гораду Аляксандар Якаўлеў, мясцовыя ўлады не пасьпелі своечасова атрымаць з Херсону дапамогу сіламі і зброяй. Але ад пачатку ўваходу расейскіх войскаў тутэйшыя жыхары штодня выходзілі на акцыі пратэсту супраць акупацыі.
16 сакавіка расейскія вайскоўцы затрымалі мэра гораду Аляксандра Якаўлева, ягонага намесьніка і сакратара гарадзкой рады.
«Было канкрэтнае заданьне — нас забраць. Яны праверылі дакумэнты, зьвязалі нам рукі і павезьлі ў паліцыю. Тады арганізаваўся вельмі вялікі мітынг у Скадоўску, калі людзі пачалі адзін адному перадаваць, што нас забралі. Нас пратрымалі паўдня ў падвале: дапытвалі, высьвятлялі, каму мы падпарадкоўваемся і адпраўляем справаздачы, навошта ў нас муніцыпальная варта, дзе мы трымаем зброю, якія ў нас заданьні. І ўжо калі нас выпусьцілі, яны жорстка разагналі мітынг», — расказаў Аляксандар Якаўлеў.
Паводле яго словаў, расейцы разграмілі памяшканьні гарадзкой рады, вынесьлі аргтэхніку. Зачыненыя дзьверы яны расстрэльвалі, каб адчыніць кабінэты і дабрацца да дакумэнтацыі.
Катавалі ў дзіцячым аздараўленчым цэнтры
Як і ў большасьці акупаваных украінскіх гарадоў, расейскія войскі пачыналі з выяўленьня сярод мясцовых жыхароў прадстаўнікоў улады, актывістаў і вайскоўцаў Узброеных сіл Украіны. Затрымлівалі кожнага «падазронага» зь іхнага гледзішча грамадзяніна.
Усіх затрыманых часта не маглі зьмясьціць у мясцовых сьледчых ізалятарах і ўпраўленьнях паліцыі. У Скадоўску, напрыклад, апроч упраўленьня паліцыі, людзей звозілі ў дзіцячы лягер аздараўленьня і адпачынку «Слава», дзе іх незаконна ўтрымлівалі і дапытвалі.
Ураджэнец Беларусі Віктар Багатураў выконваў функцыі вайсковага камэнданта Скадоўскага раёну Херсонскай вобласьці. Ён асабіста ўдзельнічаў у допытах і пабіцьці прадстаўнікоў кіраўніцтва Скадоўску — мэра Аляксандра Якаўлева, ягонага намесьніка і сакратара гарадзкой рады.
Са словаў Якаўлева, ён жа прымушаў мясцовае кіраўніцтва і дэпутатаў разьмяркоўваць гуманітарную дапамогу, якую Расея прывозіла ў Скадоўск, каб стварыць для прапагандыстаў карцінку, як мясцовыя жыхары і ўлады чакалі «вызваленьня» і цяпер актыўна супрацоўнічаюць з акупацыйнымі ўладамі.
У чарговы раз пасьля адмовы ўдзельнічаць у гэтым Аляксандар Якаўлеў змог выбрацца з акупацыі, а пазьней паведаміў праваахоўным органам, як адбывалася акупацыя Скадоўску.
Як праходзілі допыты
Пасьля затрыманьня Аляксандра Якаўлева зьмясьцілі ў камэру мясцовага ўпраўленьня паліцыі. Адтуль для допыту яго выводзілі ў кабінэт іншыя вайскоўцы. Віктар Багатураў сам праводзіў допыт, каб дабіцца ад мэра Скадоўску інфармацыі аб наяўнасьці зброі ў мясцовых жыхароў і арганізацыі муніцыпальнай варты.
Каб разгаварыць мэра, Багатураў пачаў біць яго, наносячы ўдары па грудзіне і шыі. Не атрымаўшы ніякай інфармацыі, пабітага Якаўлева вярнулі ў камэру. Празь пяць гадзін яго вызвалілі пад ціскам мясцовых жыхароў, якія выйшлі на мітынг, калі стала вядома аб ягоным затрыманьні.
У крымінальнай справе ёсьць яшчэ тры эпізоды катаваньня затрыманых украінцаў.
Расейскія вайскоўцы, якімі кіраваў Багатураў, патрабуючы інфармацыі аб «украінскіх дывэрсійных групах», імітавалі расстрэл затрыманага, націскаючы цынгель пісталета над яго галавой. Потым яго перавезьлі ў дзіцячы лягер «Слава», дзе працягнулі допыт. За адмову супрацоўнічаць на загад Багатурава затрыманага спачатку моцна пабілі гумавымі дручкамі, а калі той упаў на падлогу, пачалі біць нагамі. У выніку затрыманы некалькі разоў траціў прытомнасьць.
Ад яшчэ аднаго ўкраінца, якога таксама трымалі ў дзіцячым лягеры і моцна білі на загад Багатурава, патрабавалі інфармацыю аб удзельніках антытэрарыстычнай апэрацыі ў Данецкай і Луганскай вобласьцях, а таксама аб супрацы з украінскімі войскамі і праваахоўнымі органамі.
Трэці зь іх, які праходзіць сьведкам у справе супраць Багатурава, найбольш пацярпеў — яго дапытвалі і білі гумавымі дручкамі некалькі дзён запар, катавалі электрашокерам, які наводзілі на найбольш пацярпелыя ад пабіцьця месцы на целе, і таксама імітавалі ягоны расстрэл — выпусьцілі чаргу з аўтамата побач з затрыманым. Праз два тыдні пасьля катаваньняў украінца вывезьлі і выкінулі з машыны на адной з вуліц у Скадоўску.
Украінскія сьледчыя абвінавацілі ўраджэнца Беларусі Віктара Багатурава ў выдачы загаду на жорсткае абыходжаньне з цывільным насельніцтвам (нанясеньне пабояў і цялесных пашкоджаньняў), у незаконным зьняволеньні, утрыманьні ўкраінцаў у антысанітарных умовах, пазбаўленьні іх ежы і вады, а таксама ў парушэньні законаў і звычаяў вайны (псыхалягічны ціск з імітацыяй расстрэлу).
Згодна з Крымінальным кодэксам Украіны, Віктару Багатураву пагражае пазбаўленьне волі ад 8 да 12 гадоў.
Што вядома пра «вайсковага камэнданта» Скадоўскага раёну
Згодна з матэрыяламі ўкраінскіх сьледчых, Віктар Багатураў — грамадзянін Расеі, апошні пашпарт ён атрымаў 31 сакавіка 2006 году ў Новарасійску (Краснадарскі край Расеі). Камандзір 42-га асобнага матарызаванага палку апэратыўнага прызначэньня Нацыянальнай гвардыі Расеі, вайсковая частка 6916, што дысьлякуецца ў Севастопалі (анэксаваны Расеяй Крым).
Віктара Багатурава прызначылі камандзірам гэтага палку Расгвардыі за некалькі тыдняў да пачатку поўнамаштабнага ваеннага ўварваньня ва Ўкраіну — 3 лютага 2022 году. Тады ён быў падпалкоўнікам. Цяперашняе званьне палкоўніка ён атрымаў ужо пасьля апісаных падзеяў у Скадоўску.
Да Севастопалю Віктар Багатураў служыў у Тальяці, у вайсковай частцы 6622.
1 кастрычніка 2023 году яго ўключылі ва ўкраінскую базу «Міратворац» за загады аб катаваньні, зьдзеках і карных дзеяньнях супраць мясцовых жыхароў Скадоўскага раёну Херсонскай вобласьці ў памяшканьнях лягера «Слава» і Скадоўскага аддзелу паліцыі і ўдзел у гэтых дзеяньнях.
Віктар Багатураў нарадзіўся 19 сакавіка 1984 году, але, паводле інфармацыі ініцыятывы, на 2021 год ён ня меў беларускага грамадзянства.
Вайна Расеі супраць Украіны
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.
Форум