Як вынікае з інфармацыі на сайце дастаўкі найбуйнейшай у Беларусі сеткі раздробнага гандлю «Эўраопт» Edostavka.by, у продажы на паліцах няма ня толькі беларускай бульбы, але і цыбулі.
«Эўраопт» прапануе мытую ізраільскую бульбу па 10,49 рубля за кіляграм і чырвоную расейскую цыбулю па 4,21 рубля. Пакуль яшчэ ёсьць беларускія буракі й морква.
«У беларускім сэгмэнце TikTok набіраюць папулярнасьць відэа, у якіх пакупнікі расказваюць пра нечаканую праблему — у крамах не знайсьці звычайнай цыбулі. Адна з карыстальніц паскардзілася, што абышла дзьве буйныя сеткавыя крамы — „Эўраопт“ і „Марцін“, але не змагла знайсьці ніводнай цыбуліны», — піша Bgmedia.
Адна з пакупніц купіла расейскую чырвоную цыбулю, але яна выявілася гнілой унутры. Сайт дастаўкі супэрмаркетаў Green прапануе мытую бульбу ў сярэднім па 4,5 рубля, беларускую цыбулю па 2,20, расейскую чырвоную цыбулю па 4,90 за кіляграм.
Апошнім часам з крамаў Беларусі зьнікла бульба й іншая гародніна мясцовай вытворчасьці, а калі ёсьць, то дробная і невысокай якасьці.
Урад ужо ухваліў захады для паляпшэньні сытуацыі, якая ўзьнікла праз дыспарытэт цэн, калі беларускім вытворцам стала выгадней пастаўляць сваю бульбу на замежныя рынкі.
З 17 красавіка набыла моц пастанова Савету міністраў, якая ўносіць карэктывы ў сыстэму рэгуляваньня цэнаў. Згодна з дакумэнтам, лімітаваная максымальная адпускная цана на бульбу пабольшала з 76 капеек да 1 рубля.
Для падтрымкі беларускіх вытворцаў павялічылі гранічныя максымальныя адпускныя і раздробныя (гуртовыя) цэны на бульбу, капусту белакачановую і цыбулю, якія будуць дзейнічаць да 15 траўня 2025 году.
Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня і аблвыканкамы заявілі, што маюць дастаткова бульбы для ўнутранага рынку.
Форум