Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве раскрылі схему паставак тавараў у Беларусь і Расею ў абыход санкцыяў Эўразьвязу


Літоўская паліцыя ў Вільні. Архіўнае фота
Літоўская паліцыя ў Вільні. Архіўнае фота

Тавары мелі трапіць у Беларусь і Расею празь дзяржавы Цэнтральнай Азіі.

У Вільні прайшлі ператрусы ў кампаніі, якую падазраюць у пастаўках тавараў у Беларусь і Расею ў абыход санкцыяў Эўразьвязу, паведаміла 24 красавіка Літоўская мытня.

Ператрусы прайшлі 10 красавіка ў адміністрацыйных і таварных памяшканьнях віленскай кампаніі, якая надае транспартныя, лягістычныя і экспэдытарскія паслугі, а таксама ў дамах яе кіраўнікоў і супрацоўнікаў.

Падчас ператрусаў сканфіскавалі буйныя сумы грошай, зброю, боепрыпасы, выбуховыя рэчывы і вялікую колькасьць патэнцыйна падсанкцыйных тавараў, а таксама дакумэнтацыю і кампутары. Мяркуецца, што гэтыя тавары мелі трапіць у Расею празь дзяржавы Цэнтральнай Азіі.

Кошт сканфіскаваных тавараў, паводле папярэдняй ацэнкі, складае каля 1,5 мільёна эўра. Цяпер літоўскія праваахоўнікі вывучаюць дакумэнты і ацэньваюць тавар, падчас расьсьледаваньня могуць усплыць новыя акалічнасьці, адзначылі ў Літоўскай мытні.

Прадстаўнікі Мытнай крымінальнай службы Літвы сьцьвярджаюць, што раскрылі схему абыходу санкцыяў, якія забараняюць экспарт падсанкцыйных тавараў у Расею і Беларусь. Падсанкцыйныя тавары спачатку вывозілі ў краіны Цэнтральнай Азіі (у асноўным у Кіргізстан), а потым адтуль нелегальна везьлі ў Расею. Паводле ведамства, кампанія ня толькі сама карысталася такой схемай абыходу санкцыяў, але і дапамагала рабіць гэта іншым кампаніям.

Пачалі дасудовае расьсьледаваньне факту парушэньня міжнародных санкцыяў. Дырэктара, уладальніка кампаніі і трох супрацоўнікаў затрымалі, але вызвалілі пасьля допыту з падпіскай аб нявыезьдзе.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG