Вітаю, дружа!
Ведаеш, у мяне тут перад домам шмат дрэваў, амаль што лес. І часам сустракаюцца вавёркі. Помню зь дзяцінства, гэта заўсёды быў знак чыстай радасьці. Вавёрка! Мы заваблівалі іх прысмакамі, а самі, шчасьлівыя, зьзялі ўсьмешкамі, калі вавёрка брала пачастунак проста з рукі. Ні з чым не параўнаць тую раптоўную радасьць — бяз кроплі насьцярожанасьці ці якога іншага дамешку, кшталту «давай забярэм вожыка дадому». І далей праз усё жыцьцё, убачыўшы вавёрку, я адчуваў-успамінаў гэтую дзіцячую радасьць.
Але сёньня першае, пра што падумаў, — вавёркі хварэюць на шаленства. Я прачытаў пра гэта ў сеціве. Якая ўжо тут радасьць… Мая жонка, якая знаецца ў псыхалёгіі, сказала, што такая зьмена ўспрыманьня — ад інфармацыйнага стрэсу. Калі сярод навінаў так шмат дурных, ты і рэагуеш на кожную думкамі пра благое. І сам сябе пазбаўляеш радасьці. Пазытыўныя рэакцыі сышлі і не сказалі, калі вернуцца… Наступным разам трэба будзе абавязкова пачаставаць вавёрку.
А ўчора я вяртаўся дахаты позна і ўзяў таксоўку. Вёз мяне надта гаваркі хлопец, за 10 хвілін расказаў усю «сусьветную павестку». Казаў ён па-расейску, але з акцэнту я пазнаў у ім украінца, і не памыліўся. Аказаўся хлопец з Запарожжа, і я прапанаваў яму гаварыць па-свойму. Для мяне гэта звычайная практыка, калі беларус і ўкраінец гавораць кожны на сваёй мове, яны ніколі ня маюць праблем з разуменьнем. Мною гэта спраўджана шмат разоў у розных абставінах і з рознымі людзьмі. Больш за тое, такія дачыненьні даюць асаблівае прыемнае адчуваньне нашай беларуска-украінскай супольнасьці. Скажам, з расейцамі такі «фокус» ня пройдзе. Расеец беларускай ці ўкраінскай мовы звычайна не разумее. Хоць расейцы і перакананыя, што мы «адзін народ». Але мы то разумеем, што гэта ня праўда. Як разумеем, што і з украінцамі мы ўсё ж народы розныя.
Якраз той хлопец-украінец пакінуў мне яскравы прыклад адрознасьці ўкраінскага мэнталітэту ад нашага. Ён завёў гаворку пра Лукашэнку. Я ўжо разумеў, што глядзім мы на расейскую агрэсію ва Ўкраіне і тыранію ў Беларусі больш-менш аднолькава. Але, гаворачы пра менскага правіцеля, хлопец-украінец не назваў яго ні дыктатарам, ні ўзурпатарам. Ён сказаў: «Усе баяцца вашага недакалыханага». То бок, даў чыста чалавечую характарыстыку, дзе і хваробу выявіў, якая замінае ўсім жыць, яшчэ і нотка спагады да хворага прагучала. Тое, што Лукашэнка нарабіў бяды Беларусі і беларусам — зразумела, што тут абмяркоўваць, але трэба адразу паглядзець у корань праблемы. Недакалыханы. Вядомыя беларускія «дыягназы» — «хітразачасаны» ці там «сіняпальцы» — паводле сваёй дакладнасьці і пры тым някрыўднасьці — побач не стаялі з вызначэньнем ураінскага хлопца, які працуе на таксоўцы ў Вільні.
Пытаесься, ці ведаю я пра скандал сярод «хороших русских» у эміграцыі пасьля словаў Уладзіміра Кара-Мурзы. Якраз думаю пра гэта. Расейцы нават патрабуюць, каб ён выбачыўся за «непаліткарэктнасьць». На маю думку, гэта ўнікальны «кейс», бо ён якраз і праясьняе сытуацыю — тое, што адбываецца з расейскай карцінай сьвету.
Пасьля свайго выступу ў францускім сэнаце Кара-Мурза адказваў на пытаньні з залі. І там было пытаньне пра ўдзел у вайне прадстаўнікоў расейскіх нацыянальных меншасьцяў, якія ў працэнтах найбольш і гінуць на фронце. Прамоўца сказаў, што ня думаў пра гэта, лічыў, што прычына тут чыста эканамічная, а цяпер вось задумаўся і пра культурна-этнічны, так бы мовіць, аспэкт. Вось што ён сказаў дакладна:
«Я гаварыў учора ў Страсбуры ў рамках сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы з калегай, якая шмат працуе з ваеннапалоннымі з абодвух бакоў. <…> І яна сказала мне, што ёсьць яшчэ адна прычына, зь якой Міністэрства абароны Расеі прыцягвае так шмат прадстаўнікоў нацыянальных меншасьцяў — таму што, як аказалася, расейцам псыхалягічна сапраўды цяжка забіваць украінцаў. Таму што мы — адзін народ. Гэта вельмі блізкія народы, як усім вядома. У нас амаль аднолькавыя мовы, адна і тая ж рэлігія, вякі агульнай гісторыі. Але калі гэта хтосьці зь іншай культуры, быццам бы гэта прасьцей. Вось што гэтая калега сказала мне ўчора».
Кара-Мурза не рабіў ніякай заявы, ён перадаў працэс думаньня, які абудзіла ў ім спасылка на ваеннапалонных. Думаць уголас карысна для ўсіх і гэта больш высокі ўзровень, чым рабіць заявы. Выбачацца тут няма за што. Толькі я асабіста зьвярнуў увагу не на нацыянальныя меншасьці, а якраз на стэрэатып, які прагучаў у словах Кара-Мурзы без абдумваньня і дыскусіі. Гэта жалезабэтонная ўпэўненасьць расейцаў у тым, што яны з украінцамі «адзін народ». «Як усім вядома».
Божа мой, гэта ж і ёсьць галоўная праблема «хороших русских». Яны перакананыя, што ў нас «амаль аднолькавыя мовы» не таму, што яны раптам пачалі разумець беларускую ці ўкраінскую, а таму толькі, што гэта мы, беларусы і ўкраінцы, гаворым таксама і па-расейску. І таму мы «адзін народ». Ні беларуская, ні ўкраінская ўвогуле як бы не існуюць, калі мы ўсе можам паразумецца па-расейску. Выходзіць, за 200 гадоў гвалту і прымусу расейцы прывучылі нас разумець іхную мову, а сябе разумець нашу не прывучылі. «А зачем?» Прычына, мабыць, у тым, што яны ў Беларусі і Ўкраіне заўсёды былі начальствам і пачуць ды выслухаць нас не лічылі патрэбным. Іхная вышэйшасьць па-над намі настолькі ўбілася ды ўелася ў іх натуру, што не выклікае сумневу ні ў простага чалавека, ні ў інтэлектуала.
Памятаеш, я калісьці ў інтэрвію запытаўся ў Васіля Быкава, з чаго пачынаецца фашызм? Ён адказаў вельмі проста: з таго, што адныя ўявілі сябе вышэйшымі за іншых. Яны быццам над намі, а мы, адпаведна — пад імі.
У нас адна рэлігія? Добрым расейцам варта на хвіліну зазірнуць у гісторыю, у першую палову ХІХ ст., калі большасьць беларусаў былі гвалтам пераведзеныя зь «веры нашай уніяцкай» (К. Каліноўскі) у РПЦ, калі па ўсёй нашай краіне касьцёлы ды цэрквы пачалі перарабляць у расейскія ўстановы з цыбулінамі наверсе, чаго ў Беларусі спрадвеку не бывала. Пры гэтым уніяцкая рэлігію яны сувора забаранілі.
У нас вякі агульнай гісторыі? Тут карэктна казаць пра агульнасьць лёсу — прыкмету нацыі. Ясна, што расейцы ніколі не зазналі гвалтоўнай беларусізацыі ці ўкраінізацыі. Нават негвалтоўнай ня ведалі. Затое якраз два вякі русіфікацыі — царскай, бальшавіцкай, пуцінскай — спазналі і працягваем спазнаваць мы: украінцы праз вайну, мы праз турмы. Расея ніколі не была акупаваная немцамі, тады як мы — у поўнай меры і маем на сваім лёсе такую пячатку. І колькі ні глядзі ў гісторыю — яна ўся ў гэткіх пячатках і абсалютная большасьць зь іх — з двухгаловымі арламі. Расейцы і цяпер ня лічаць нас паўнавартаснымі народамі. А мы ўсяго толькі хочам самі жыць на сваёй зямлі, нічога ад іх нам ня трэба. Азірніцеся — колькі вы набралі гэтай зямлі, панішчылі карэнных народаў, а ўсю гэтую неабдымную зямлю занядбалі, давялі да ручкі. Нашто вам яшчэ і наша, да таго ж бяз нас?
Не бывае двух народаў, якія можна было б назваць адным, бо ў кожнага ёсьць свае нацыянальныя інтарэсы, і калі нехта кажа «мы адзін народ», значыць, нешта важнае парушана ў дачыненьнях, значыць, няма роўнасьці, а таму ня можа быць і праўдзівага добрасуседзтва.
Не задумваецца Кара-Мурза пра гэта, пра тых буратаў і башкіраў, пра нацыянальныя меншасьці, якіх расейцы ўжо і адным з сабою народам не называюць і нават за «малодшых братоў» не ўважаюць. Гэта якраз наступная стадыя хваробы пасьля тэзісу пра «адзін народ». Галоўная праблема расейскіх дэмакратаў у тым, што яны ня могуць гэтага зразумець, гэты ўчастак мозгу ў іх паралізаваны. Парадаксальным чынам іхная праблема становіцца галоўнай праблемай для беларусаў і ўкраінцаў — не на ўзроўні абдумваньня, а на ўзроўні фізычнага самазахаваньня. Тым часам «хорошие русские» ня могуць толкам зразумець, што іх адрозьнівае ад Пуціна, супраць чаго і за што яны выступаюць. Давайце, маўляў, пагаворым пра «непаліткарэктнасьць» Кара-Мурзы…
Дзіўна і нават дзіка разважаць пра такія рэчы, напрыклад, у Літве, у маленькай краіне на самай мяжы патэнцыйнай агрэсіі неабдымнага і ваяўнічага гарачага расейскага цела. У Літве нават тэрмін «нацыянальныя меншасьці» даўно прыбралі з ужытку і забылі, замянілі яго «нацыянальнымі супольнасьцямі». Бо калі адныя называюць другіх меншасьцямі, гэта ўжо заўсёды на крок бліжэй да вайны.
Буду чакаць твайго адказу, пішы!
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
Форум