Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі «Яндэкс» купіў службу дастаўкі, якая працуе ў Беларусі


Yandex
Yandex

Уплыў расейскіх кампаній на рынку краіны павялічваецца.

Расейскі сэрвіс дастаўкі Boxberry, які працуе таксама ў краінах СНД, у тым ліку ў Беларусі, увойдзе ў групу кампаній «Яндэксу». Пра гэта паведаміла прэс-служба расейскага IT-гіганта, піша Myfin.

Boxberry сёньня ажыцьцяўляе дастаўку з Расеі ў 115 гарадоў Беларусі, а кур’ерская дастаўка адбываецца ў 12 тысяч населеных пунктаў.

Кампанія Boxberry дастаўляе як звычайныя пасылкі і лісты, так і тавары, адпраўленыя інтэрнэт-крамамі сваім кліентам.

У «Яндэксе» гавораць, што дзякуючы Boxberry змогуць ажыцьцяўляць дастаўку ў больш за 20 новых рэгіёнаў, уключаючы расейскія Сыбір і Далёкі Ўсход.

Працэс тэхнічнай і апэрацыйнай інтэграцыі дзьвюх кампаніяў завершыцца да канца 2025 году.

Раней у шматпрофільнай кампаніі «Яндэкс» былі праблемы на беларускім рынку. У галіне пасажырскіх перавозак улады Беларусі пагражалі заблякаваць «Яндэкс Go» праз таксістаў-нелегалаў. Сэрвіс пасьля 1 лістапада 2024 году працягваў дасылаць заказы таксістам, ня ўключаным у адмысловы рэестар аўтамабільных перавозак. У лістападзе ў Беларусі сканфіскавалі дзясяткі легкавікоў, ня ўключаных у рэестар.

«Яндэкс Таксі» — найбуйнейшая кампанія на рынку таксі ў Беларусі ў 2024 годзе. Да рэформы там працавала шмат кіроўцаў, для якіх гэта быў не галоўны занятак, а спосаб падзарабіць. Аднак затым, калі ў далейшую працу трэба ўжо ўкласьціся і грашыма (відэарэгістратары), і часам (рэгістрацыя, перакваліфікацыя), ім такая падпрацоўка стала нявыгаднай. Пасьля рэформы паслугі таксі рэзка падаражэлі.

Што тычыцца іншых сфэраў, дык распрацоўнікі праграмы «Яндэкс Карты» летась адключылі падтрымку беларускай мовы, пакінуўшы на мапах толькі расейскамоўнае напісаньне. Распрацоўнікі «Яндэкс Музыкі» пасьля судовага рашэньня выдалілі зь сьпісу прайграваньня рагачоўскі гурт Tor Band, удзельнікаў якога ў Беларусі асудзілі за антыўрадавыя пратэсты.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG