Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША пра перамовы з Расеяй: ніякіх рашэньняў і дамоўленасьцяў, «пакуль ня скончыцца бойня»


Афіцыйная прадстаўніца Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Тэмі Брус
Афіцыйная прадстаўніца Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Тэмі Брус

У Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША заявілі, што ніякіх дамоўленасьцяў і рашэньняў у перамовах з Расеяй ня будзе, пакуль ня спыніцца агонь у вайне Расеі супраць Украіны.

Пра гэта заявіла афіцыйная прадстаўніца Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША Тэмі Брус на брыфінгу 15 красавіка.

«Тое, што я магу сказаць, — гэта напамін пра тое, што было ясна з самага пачатку: ніякіх перамоваў, ніякіх рашэньняў, ніякіх пагадненьняў ня будзе, пакуль бойня ня спыніцца. І пасьля Вербнай нядзелі, відавочна, гэта дынаміка — калі трэба больш пытаньняў аб тым, хто сапраўды адданы міру і спыненьню агню», — сказала прэс-сакратарка, адказваючы на пытаньне, ці падчас перамоваў з Расеяй вялася дыскусія аб зьмякчэньні санкцыяў.

Тэмі Брус адзначыла, што вайна Расеі супраць Украіны «па-ранейшаму застаецца мясарубкай».

«Гэта не зьмянілася. І пакуль гэта ня спыніцца, нічога падобнага не адбываецца, але мы працягваем працаваць, відавочна, для спыненьня агню ў гэтым пляне», — дадала яна.

Афіцыйна Масква заяўляе, што імкнецца да міру, але на сваіх умовах, сярод якіх ня толькі адмова Ўкраіны ад акупаванага Крыму і яшчэ чатырох рэгіёнаў, незаконна анэксаваных Масквой, але і яе адмова ўступіць у NATO, і, імаверна, іншыя саступкі.

Апошнім часам прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп некалькі разоў заяўляў, што Расеі неабходна перайсьці ад словаў да справы і паказаць імкненьне да міру. Ён ня выключыў узмацненьня санкцыяў супраць Расеі. Пры гэтым на простае пытаньне, ці будзе ён уводзіць новыя санкцыі ў сувязі з расейскім ударам па Сумах, у выніку якога 13 красавіка загінулі 35 чалавек, ён адказаў адмоўна, заявіўшы, што супраць Расеі ўжо дзейнічаюць жорсткія санкцыі.

Камэнтуючы ўдар па Сумах, прэзыдэнт ЗША выказаў здагадку, што гэта магла быць «памылка», а дзяржаўны сакратар Марка Рубіё і спэцыяльны прадстаўнік для Ўкраіны Кіт Келаг наўпрост асудзілі Расею за гэта.

Спэцыяльны прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Стыў Уіткаф 11 красавіка сустрэўся з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным. Перамовы працягваліся больш за чатыры гадзіны.

Уіткаф назваў гэтыя перамовы з Пуціным «пераканаўчымі». Паводле яго словаў, яны абмяркоўвалі крокі, якія маглі б спыніць вайну Расеі ва Ўкраіне.

Як заявіў Уіткаф у этэры Fox News 14 красавіка, мірнае пагадненьне будзе ўключаць у сябе вырашэньне пытаньня аб пяці тэрыторыях. Ён не патлумачыў, што меў на ўвазе.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі, камэнтуючы словы спэцыяльнага прадстаўніка прэзыдэнта ЗША, заявіў, што для Ўкраіны «гэта чырвоная лінія — прызнаваць любыя часова акупаваныя тэрыторыі не ўкраінскімі, а расейскімі».


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG