Перамовы праходзяць у генэральным консульстве Расеі ў Стамбуле. Расейскую дэлегацыю на кансультацыях узначальвае пасол у Вашынгтоне Аляксандар Дарчыеў, а амэрыканскую — намесьніца памочніка дзяржаўнага сакратара ў пытаньнях Расеі і Цэнтральнай Эўропы Саната Коўлтэр, паведамляе Расейская служба Радыё Свабода.
Гэта другі раунд кансультацыяў у Стамбуле, папярэднія прайшлі ў канцы лютага ў будынку генэральнага консульства ЗША.
«Украіна не ў парадку дня, зусім не ў парадку дня» кансультацыяў, — заявілі напярэдадні ў Дзяржаўным дэпартамэнце ЗША. Там сказалі, што размова ня пойдзе і аб нармалізацыі двухбаковых адносін у цэлым, дыпляматы сфакусуюцца менавіта на пытаньні аднаўленьня нармальнай працы амбасадаў. Яна ў апошнія гады была істотна абмежаваная пасьля высылак дыпляматаў і супрацоўнікаў амбасадаў і абмежаваньняў на колькасьць супрацоўнікаў.
У ЗША быў «замарожаны» ўжытак шэрагу аб’ектаў, якія выкарыстоўвалі расейскія дыпляматы, у тым ліку консульствы Сан-Францыска і Сыэтле, гандлёвыя прадстаўніцтвы ў Вашынгтоне і Нью-Ёрку, а таксама два абʼекты нерухомасьці, якія дыпляматы выкарыстоўвалі для адпачынку за горадам.
У Расеі на патрабаваньне расейскіх уладаў было закрыта генэральнае консульства ЗША ў Санкт-Пецярбургу, а празь недахоп пэрсаналу з прычыны ўведзеных абмежаваньняў ЗША мусілі прыпыніць працу консульстваў ва Ўладзівастоку і Екацерынбурзе. У амбасадзе ЗША ў Маскве фактычна спынілася выдача амэрыканскіх візаў для грамадзянаў Расеі.
Пасьля ўступленьня Дональда Трампа на пасаду прэзыдэнта прадстаўнікі Злучаных Штатаў ня раз сустракаліся з расейскімі прадстаўнікамі на розных узроўнях — пры папярэдняй адміністрацыі такія кантакты былі вельмі рэдкімі. Галоўная мэта, пра якую гаворыць Трамп, — дасягненьне міру або прынамсі спыненьне агню ва Ўкраіне — пакуль не дасягнутая.
Форум