Як паведаміў Рафаэль Гросі ў часе пазачарговага пасяджэньня Рады кіраўнікоў МАГАТЭ, Іран паведаміў 13 чэрвеня аб спэцыяльных мерах, ужытых для абароны нашага ядзернага абсталяваньня і матэрыялаў.
«Любое перамяшчэньне ядзернага матэрыялу з абʼекта, што знаходзіцца пад гарантыямі, у іншае месца ў Іране павінна быць заяўлена агенцтву ў адпаведнасьці з пагадненьнем аб гарантыях зь Іранам, і я выказаў гатоўнасьць супрацоўнічаць зь Іранам па гэтым пытаньні. Устанаўленьне фактаў на месцах зьяўляецца перадумовай для любога пагадненьня, і гэта можа быць зроблена толькі праз інспэкцыі МАГАТЭ. Неабходна спыніць баявыя дзеяньні, каб былі створаны неабходныя ўмовы бясьпекі, каб Іран мог дапусьціць каманды МАГАТЭ на абʼекты для ацэнкі сытуацыі», — заявіў Рафаэль Гросі.
Паводле яго, на аб’екце ў Фардо, дзе адбываецца ўзбагачэньне ўрану, бачныя кратэры, што сьведчыць аб выкарыстаньні супрацьбункерных боепрыпасаў. «Гэта адпавядае заявам ЗША. На дадзены момант ніхто, у тым ліку МАГАТЭ, ня можа цалкам ацаніць падземныя пашкоджаньні ў Фардо. Улічваючы выкарыстаную выбуховую нагрузку і надзвычай адчувальную да вібрацыі ўласьцівасьць цэнтрыфуг, чакаецца, што пашкоджаньні будуць вельмі значныя», — сказаў генэральны дырэктар МАГАТЭ.
Рафаэль Гросі паведаміў, што паводле ўладаў Ірану павышэньня ўзроўню радыяцыі па-за межамі ўсіх пашкоджаных абʼектаў не назіралася і заклікаў бакі канфлікту «да максымальнай стрыманасьці».
«Ваенная эскаляцыя ня толькі пагражае жыцьцю, але і адцягвае нас ад дыпляматычнага шляху. Каб дасягнуць доўгатэрміновай гарантыі таго, што Іран не атрымае ядзернай зброі, і для захаваньня эфэктыўнасьці глябальнага рэжыму нераспаўсюджаньня, мы павінны вярнуцца да перамоваў», — заявіў ён.
Рафаэль Гросі дадаў, што гатовы сам неадкладна накіравацца ў Іран. «Нам трэба працягваць працаваць разам, нягледзячы на існуючыя рознагалосьсі. Я гатовы ўзаемадзейнічаць з усімі зацікаўленымі бакамі, каб дапамагчы забясьпечыць абарону ядзерных абʼектаў і далейшае мірнае выкарыстаньне ядзерных тэхналёгій у адпаведнасьці з мандатам МАГАТЭ», — перакананы генэральны дырэктар МАГАТЭ.
ВПС ЗША нанесьлі масаваны ўдар па ядзерных аб’ектах Ірану ў Натанзе, Фардо і Ісфагане ў ноч на 22 чэрвеня. Для атакі амэрыканскія вайскоўцы выкарысталі 75 высокадакладных кіраваных боепрыпасаў, у тым ліку 14 супрацьбункерных бомбаў GBU-57 – гэта было іх першае выкарыстаньне. Гэтая апэрацыя атрымала назву «Паўночны молат».
Форум