Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Краіны G5+ заявілі аб гатоўнасьці ўвесьці новыя санкцыі супраць Расеі


Прадстаўнікі ЭЗ, Гішпаніі, Польшчы, Францыі, Вялікабрытаніі і Італіі на сустрэчы ў Мадрыдзе, 31 сакавіка 2025
Прадстаўнікі ЭЗ, Гішпаніі, Польшчы, Францыі, Вялікабрытаніі і Італіі на сустрэчы ў Мадрыдзе, 31 сакавіка 2025

Нямеччына, Францыя, Італія, Польшча, Гішпанія і Вялікая Брытанія заявілі аб сваёй гатоўнасьці ўзмацніць санкцыйны ціск на Расею за яе вайну ва Ўкраіне.

Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве міністраў замежных спраў шасьці краін і кіраўніка эўрапейскай дыпляматыі Каі Калас. Краіны гатовы аказаць далейшы ціск на Расею, выкарыстоўваючы ўсе даступныя інструмэнты, каб перашкодзіць ёй весьці вайну супраць Украіны, сказана ў заяве.

Міністры таксама зноў заявілі, што расейскія актывы ў заходніх краінах павінны застацца замарожанымі да таго часу, пакуль Расея ня спыніць вайну і не кампэнсуе Ўкраіне нанесеную шкоду. Паводле заявы, краіны ня прымуць ніякую мірную дамову, якая абмяжуе «ваенную і абаронную прамысловасьць Украіны або ваенную прысутнасьць краін-партнэраў ва Ўкраіне».

«Ня можа быць ніякага пагадненьня, якое ставіць пад пагрозу эўраатлянтычную бясьпеку і незалежнасьць, сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны», — гаворыцца ў заяве.

Міністры таксама заклікалі Расею спыніць «тактыку зацягваньня» перамоваў аб спыненьні агню, адзначыўшы, што Ўкраіна «прадэманстравала сваю цьвёрдую прыхільнасьць да міру», у тым ліку пагадзіўшыся на поўнае спыненьне агню без папярэдніх умоў.

«Аднак агрэсія Расеі супраць Украіны не спынілася. Замест таго, каб навязваць новыя ўмовы і працягваць атакі на ўкраінскія гарады і інфраструктуру, якія прыводзяць да ўсё большай колькасьці ахвяр, Расея павінна зараз паказаць, што яна сур’ёзна настроеная на спыненьне сваёй вайны», — сказана ў заяве.

Раней агенцтва Bloomberg паведаміла, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін правярае, ці магчымае паслабленьне санкцый пры адміністрацыі прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа. Частка стратэгіі Крамля — патрабаваньне аб падлучэньні «Россельхозбанка» да SWIFT у рамках перамоваў аб перамірʼі ў Чорным моры.

Па дадзеных Bloomberg, патрабаваньне для «Россельхозбанка» вылучана, каб праверыць уплыў Трампа на Эўропу. Крыніцы агенцтва адзначаюць, што посьпех у гэтым пытаньні можа прывесьці да паступовага зьмякчэньня санкцыйнага рэжыму.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG