«Ён спрабуе адмовіцца ад пагадненьня аб рэдказямельных элемэнтах, і калі ён гэта зробіць, у яго ўзьнікнуць некаторыя праблемы, вялікія, вялікія праблемы», — сказаў Трамп журналістам 30 сакавіка, гаворачы пра прэзыдэнта Ўкраіны.
«Мы заключылі зьдзелку па рэдказямельных элемэнтах. І цяпер ён кажа: «Ведаеце, я хачу перагледзець зьдзелку. Ён хоча быць чальцом NATO, але ён ніколі ня стане чальцом NATO. Ён гэта разумее», — дадаў Трамп.
28 сакавіка ўрад Украіны заявіў, што ўсё яшчэ разглядае праект пагадненьня са Злучанымі Штатамі аб рэдказямельных мінэралах краіны на фоне паведамленьняў СМІ аб тым, што Вашынгтон некалькі разоў мяняў умовы пагадненьня.
Раней у гэтым месяцы Ўкраіна і ЗША дамовіліся заключыць комплекснае пагадненьне аб распрацоўцы найважнейшых мінэральных рэсурсаў Украіны. Спробы замацаваць пагадненьне раней праваліліся 28 лютага пасьля гарачай дыскусіі паміж Трампам і Зяленскім у Белым доме.
Між тым, раней 30 сакавіка Трамп заявіў, што ўвядзе дадатковае мыта ў памеры 25-50 % адносна гандлю з ЗША на любую краіну, якая будзе купляць нафту ў Расеі. Аднак гэтая мера, паводле Трампа, будзе ўжытая толькі калі ён палічыць, што прэзыдэнт Уладзімір Пуцін блякуе яго намаганьні па спыненьні вайны ва Ўкраіне.
Падчас тэлефоннага інтэрвію тэлеканалу NBC News Трамп сказаў, што быў «вельмі раззлаваны», калі Пуцін заклікаў усталяваць ва Ўкраіне часовае кіраваньне пад эгідай ААН.
«Калі мы з Расеяй ня зможам дамовіцца аб спыненьні праліцьця крыві ва Ўкраіне, і калі я палічу, што гэта была віна Расеі — чаго можа і не быць, — але калі я палічу, што гэта віна Расеі, я зьбіраюся ўвесьці другасныя тарыфы на нафту, на ўсю нафту, якая паступае з Расеі», — сказаў Трамп.
«Гэта значыць, што калі вы купляеце нафту ў Расеі, вы ня зможаце весьці бізнэс у ЗША», — сказаў Трамп.
Трамп дадаў, што гандлёвыя меры будуць уведзеныя на працягу месяца, калі ня будзе дасягнутая дамоўленасьць аб спыненьні агню.
25 сакавіка Белы дом абвясьціў, што Расея і Ўкраіна пагадзіліся спыніць агонь і дазволіць суднаходства ў Чорным моры, а таксама пагадзіліся не наносіць удараў па энэргетычных аб’ектах адна адной. Масква заявіла, што выканае гэтыя ўмовы толькі пасьля зьняцьця санкцый у дачыненьні да расейскіх кампаній і банкаў, якія займаюцца міжнародным гандлем прадуктамі харчаваньня.
Трамп заявіў NBC, што будзе гаварыць з Пуціным на гэтым тыдні.
Між тым, у сваім начным відэазвароце 30 сакавіка Зяленскі заявіў, што «адказам Расеі на амэрыканскую прапанову аб безумоўным спыненьні агню зьяўляюцца беспілётнікі, бомбы, артылерыйскія абстрэлы, балістычныя ракеты штодня. Пуцін дэманструе, што яму напляваць на дыпляматыю».
«Неабходныя больш жорсткія санкцыі супраць Расеі, большы патэнцыял супрацьпаветранай абароны для Ўкраіны і больш адзінства паміж нашымі партнэрамі», — дадаў Зяленскі.
Кіеў абвінаваціў Маскву ў «ваенным злачынстве» 30 сакавіка пасьля таго, як расейскія беспілётнікі нанесьлі ўдар па вайсковым шпіталю.
Начны ўдар адбыўся па Харкаве ў рамках атакі, якая таксама закранула гандлёвы цэнтар, жылыя дамы і іншыя абʼекты, у выніку чаго, паводле ўладаў, загінулі як мінімум два чалавекі.
Украінскія ўлады заявілі, што ў выніку начных нападаў па ўсёй краіне загінулі як мінімум два чалавекі і 26 атрымалі раненьні.
Прэзыдэнт Украіны дадаў, што «занадта доўга» прапанова ЗША аб безумоўным спыненьні агню знаходзіцца на стале «без належнага адказу з боку Расеі. Гэта гаворыць шмат пра што».
Форум