Па словах Маска, пасьля зьдзелкі кошт xAI складзе 80 мільярдаў даляраў.
«Будучыня xAI і X непарыўна зьвязаныя», — напісаў Маск.
Прадстаўнікі X і xAI адмовіліся камэнтаваць зьдзелку, паведамляе Reuters. Агенцтва адзначае, што дэталі пакупкі пакуль застаюцца незразумелымі. У прыватнасьці, невядомы мэханізм выплат інвэстарам і статус кіраўніцтва X у новай структуры.
Па дадзеных Bloomberg, аб’яднаная структура атрымала назву XAI Holdings. Яе сукупная ацэнка перавышае 100 мільярдаў даляраў без уліку даўгоў. У пагадненьні ў ролі фінансавага кансультанта ўдзельнічаў кангламэрат Morgan Stanley.
Адзін з інвэстараў xAI паведаміў Reuters, што Маск не кансультаваўся з інвэстарамі перад аб’яўленьнем зьдзелкі. Мільярдэр толькі адзначыў, што кампаніі ўжо цесна супрацоўнічалі, а інтэграцыя паскорыць разьвіцьцё сыстэмы штучнага інтэлекту Grok, распрацаванага xAI.
- У кастрычніку 2022 году Маск набыў плятформу мікраблогаў Twitter за 44 мільярды даляраў. Камэнтуючы пакупку, бізнэсовец заявіў, што мае намер перабудаваць стратную кампанію. Пазьней Маск абвясьціў аб стварэньні супэрпрыкладаньня X. У красавіку 2023 году Twitter быў паглынуты кампаніяй X Corp., і сацсетка афіцыйна зьмяніла назву на X.
Форум