Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Месцазнаходжаньне Мельнікавай і яе дачок пакуль ня высьветленае — Латушка са спасылкай на праваахоўнікаў Польшчы


Анжэла Мельнікава выступае ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў Страсбуры, 30 студзеня 2025 году.
Анжэла Мельнікава выступае ў Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы ў Страсбуры, 30 студзеня 2025 году.

На гэты момант месцазнаходжаньне сьпікера Каардынацыйнай рады (КР) Анжалікі Мельнікавай і яе дачок ня высьветленае, паведаміў удзень 29 сакавіка лідэр фракцыі КР «Каманда Латушкі і Рух «За Свабоду», намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэта Павел Латушка, спасылаючыся на «апошнюю інфармацыю ад праваахоўных органаў Польшчы».

«Атрыманае запэўненьне ад прадстаўнікоў уладаў Польшчы, што робяцца актыўныя дзеяньні для пошуку і вызначэньня месцазнаходжаньня сьпікеркі Кардынацыйнай рады. Дасягнутая дамоўленасьць пра ўзаемны абмен інфармацыяй і інфармаваньне беларускай грамадзкасьці. Мы будзем паведамляць дакладную і правераную інфармацыю, якая будзе зьяўляцца ў сувязі са зьнікненьнем сьпікеркі КР», — напісаў палітык у сваім тэлеграм-канале.

У сваю чаргу КР «з улікам інфармацыі, якая зьяўляецца ў СМІ», паведаміла, што «працягвае сачыць за сытуацыяй вакол зьнікненьня Анжалікі Мельнікавай».

«На гэты момант яе месцазнаходжаньне застаецца невядомым. Пошукі працягваюцца, і мы робім усё магчымае, каб даведацца пра яе лёс і пераканацца, што яе жыцьцю і здароўю нічога не пагражае», — адзначаецца ў паведамленьні.

Заяўлена, што рада «зьвярнулася да донараў з афіцыйным запытам, ці былі ажыцьцёўленыя пераводы сродкаў для дзейнасьці КР на рахунак фундацыі Анжалікі Мельнікавай».

«Просім усіх прадстаўнікоў мэдыя і грамадзкасці не распаўсюджваць непацьверджаную інфармацыю і ўстрымлівацца ад спэкуляцый, якія могуць пашкодзіць як самой Анжаліцы, так і яе блізкім, — заклікала Каардынацыйная рада. — Сёньня найважнейшым для нас зьяўляецца бясьпека і вызначэньне месцазнаходжаньня Анжалікі. Мы заклікаем усіх праяўляць адказнасьць і чалавечнасьць ў такой складанай сытуацыі».

Раніцай 29 сакавіка прэс-сакратар міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Яцэк Дабжыньскі паведаміў, што польскія службы «атрымалі інфармацыю пра тое, што прадстаўнікі Каардынацыйнай рады Беларусі ўжо некалькі дзён ня могуць зьвязацца са старшынёй рады Анжалікай Мельнікавай».

«Згодна з данымі польскіх і партнэрскіх службаў, гэтая асоба знаходзілася па-за межамі Польшчы на працягу многіх тыдняў. Польскія службы будуць падтрымліваць дзеяньні службаў іншых краін і Каардынацыйнай рады Беларусі для высьвятленьня месцазнаходжаньня спадарыні Мельнікавай», — напісаў ён раніцай 29 сакавіка на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Х.

Напярэдадні ўвечары прэс-служба лідэра фракцыі Каардынацыйнай рады (КР) «Каманда Латушкі і Рух «За Свабоду», намесьніка кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Паўла Латушкі паведаміла, што Мельнікава не на тэрыторыі Польшчы, сувязь зь ёй адсутнічае з 25 сакавіка.

«Мы спадзяемся на лепшае, але разумеем, што першыя асобы дэмакратычных сіл Беларусі зьяўляюцца прыярытэтнымі мэтамі спэцслужбаў рэжымаў у Беларусі і Расеі. Мной афіцыйна пададзеная заява ў праваахоўныя органы Польшчы аб зьнікненьні спікеркі КР Анжалікі Мельнікавай. Па просьбе праваахоўных органаў гэтая інфармацыя не разгалошвалася. Мы будзем інфармаваць аб разьвіцьці сытуацыі па ўзгадненьні з праваахоўнымі органамі Польшчы», — сказаў Латушка.

У СМІ зьявілася інфармацыя пра тое, што Мельнікава самастойна вылецела з Польшчы, як заяўлялася, у Вялікую Брытанію, “пасьля чаго яе след згубіўся”. СМІ таксама адзначылі, што невядома, дзе яе дочкі (6 і 12 гадоў).

Паўнамоцтвы кіраўніка КР часова перайшлі да віцэ-спікера Станіславы Гліньнік — «у сувязі з немагчымасьцю» Мельнікавай «выконваць свае абавязкі».

Мельнікава была абраная сьпікерам Каардынацыйнай рады трэцяга скліканьня 11 ліпеня 2024 году ад блёку «Каманда Латушкі і Рух «За Свабоду», які значна апярэдзіў астатнія каманды паводле колькасьці атрыманых галасоў і ў выніку заняў 28 з 80 месцаў у КР.

Гліньнік, унучка былога старшыні Вярхоўнага Савету Станіслава Шушкевіча, зьяўляецца асабістай памочніцай кіраўніцы АПК Сьвятланы Ціханоўскай. Сябра фракцыі КР «Эўрапейскі выбар» (8 месцаў).

Хто такая Анжаліка Мельнікава

Прадстаўніцу сьпісу «Каманда Латушкі і рух «За свабоду» Анжаліку Мельнікаву абралі сьпікеркай Каардынацыйнай рады ў ліпені 2024 году.

Мельнікава скончыла Менскі дзяржаўны лінгвістычны ўнівэрсытэт і Беларускі дзяржаўны эканамічны ўнівэрсытэт. Да 2018 году была намесьніцай гендырэктара «Кока-Кола Беўрыджыз Беларусь», пасьля пайшла ў дэкрэтны водпуск. У 2020-м яе двойчы затрымлівалі на пратэстах, у выніку сям’я выехала зь Беларусі.

З чэрвеня 2022 году яна была каардынатаркай праектаў «Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня» на чале з Паўлам Латушкам.

Выступаючы на паседжаньні Каардынацыйнай рады 10 ліпеня 2024 году, яна назвала асноўнымі кірункамі сваёй дзейнасьці ў выпадку выбраньня «працу ў інтарэсах беларусаў і вырашэньне канкрэтных праблем людзей», пашырэньне паўнамоцтваў КР і яе ўзаемадзеяньня з АПК, узьняцьце ўзроўню і прэстыжу КР, структурызацыю і якаснае асьвятленьне яе працы.



Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG