Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перасьлед сваякоў і завочныя суды. Праваабаронцы расказалі пра новыя рэпрэсіўныя практыкі з 2024 году


Турма. Ілюстрацыйнае фота
Турма. Ілюстрацыйнае фота

Беларускія ўлады пачалі актыўна зьвяртацца да новых рэпрэсіўных практык як у дачыненьні да тых грамадзян, якія застаюцца ў краіне, так і да тых, хто вымушаны быў выехаць за мяжу, кажуць праваабаронцы.

Праваабаронцы «Вясны» адзначаюць рост завочных судоў, перасьлед сваякоў асуджаных і і вобшукі ў іх, рэпрэсіі ў дачыненьні да супольнасьці ЛГБТК+.

Агляд новых рэпрэсіўных захадаў уладаў, якія заўважылі пасьля 2024 году, падрыхтаваў праваабарончы цэнтар «Вясна» на падставе зьвестак розных праваабарончых арганізацый і СМІ.

Чаму замест відэа зьявіліся аўдыёзапісы палітвязьняў

Зьмяніўся фармат «прызнаньняў» затрыманых за пратэставую актыўнасьць, зробленыя пад прымусам сілавікоў. Калі да восені 2024 году праўладныя СМІ выкладалі відэа такіх прызнаньняў, дык цяпер аддаюць перавагу аўдыёзапісам, якія часта маскуюцца ў TikTok ці ў іншых сацсетках як звычайныя «агляды навінаў». Адзначаецца, што праваабаронцам і журналістам стала складана ідэнтыфікаваць затрыманых «аўтараў».

«Адна дзяўчына кажа на аўдыё, што скінула інфармацыю пра кіраўніцтва нейкага дзіцячага дома ў «Чорную кнігу Беларусі». Яшчэ аднаго затрыманага вымусілі сказаць, што ён быў падпісаны на Nexta. Сярод скрыншотаў, паказаных у роліку, ёсьць пост канала Next Live. Трэцяму затрыманаму, з кім у сьнежні апублікавалі міліцэйскае відэа, прыпісваюць эмацыйныя камэнтары, у якіх не пазначана, каму яны адрасаваныя. Затрыманы кажа, што «абражаў супрацоўнікаў міліцыі, іншых службовых асоб», — спасылаюцца аўтары дасьледаваньня на паведамленьне «Медиазоны».

Рэпрэсіі супраць сваякоў і ціск на тых, хто зьехаў

Паводле дасьледаваньня Беларускага Хэльсынскага камітэту (БХК) на пачатку 2024 году ўлады пачалі шукаць новыя магчымасьці перасьледу за дапамогу палітвязьням.

23-24 студзеня 2024 супрацоўнікі КДБ зрабілі масавы рэйд па сваяках палітычных зьняволеных. На канец лютага было вядома пра перасьлед ня менш як 287 чалавек па ўсёй краіне. Большасьць зь іх — жанчыны. Мяркуецца, гэты рэйд зьвязаны з прадуктовай дапамогай сваякам палітвязьняў, якую аказвала ініцыятыва INeedHelpBY праз сэрвіс «Е-дастаўка». Частку сваякоў затрымалі, для некаторых усё закончылася ператрусам.

Таксама ў студзені стала вядома пра рэйды па сваяках людзей, якія выехалі за мяжу. Іх просяць угаворваць сваіх родных вярнуцца ў Беларусь праз камісію па вяртаньні.

Прымушалі да паўторных кампэнсацый

Праваабаронцам сталі вядомыя выпадкі, калі Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржкантролю і ГУБАЗіК МУС прымушалі паўторна «кампэнсаваць шкоду» асоб, якія раней зазналі такі прымус за данаты.

«Ім кажуць, што нібыта знайшлі яшчэ і іншыя данаты, і патрабуюць зноў заплаціць. Тое, што людзі раней „кампэнсавалі“ свой данат у КДБ, іх не цікавіць», — адзначаюць праваабаронцы.

Паводле зьвестак «Вясны», напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 2025 году такіх грамадзянаў выклікалі таксама ў пракуратуру, дзе прапаноўвалі падпісаць паперы з папярэджаньнем.

Завочных спраў больш як у два разы

Таксама ў 2024 годзе пачынае істотна пашырацца практыка прымяненьня завочнага спэцвядзеньня. Калі за папярэднія два гады ў дачыненьні да больш як 140 чалавек завочна завялі справы, то ў 2024 годзе такіх абвінавачаных было ўжо 105 чалавек.

Яскравы прыклад рэпрэсіўнага завочнага «канвэеру» — справа «аналітыкаў Сьвятланы Ціханоўскай». 1 ліпеня 2024-га Менскі абласны суд завочна асудзіў у гэтай справе адразу 20 чалавек, піша «Вясна».

Палітзьняволеным не выдаюць копій судовых дакумэнтаў

Беларусам, асуджаным з палітычных матываў, усё часьцей не выдаюць копій судовых пратаколаў і пастаноў. Такая практыка фіксавалася праваабаронцамі і раней, аднак у апошні час яна стала болей масавай.

Адна з суразмоўцаў расказала Радыё Свабода, што на яе сяброўку ўвосень пачалі крымінальную справу за «абразу» Лукашэнкі (арт. 368 КК). Жанчына правяла некалькі дзён у ізалятары, а потым зь яе ўзялі падпіску аб нявыезьдзе. Але на рукі ня выдалі ніводнага дакумэнта.

Іншая дзяўчына расказала, што яе асудзілі за падпіскі на «экстрэмісцкія» рэсурсы: спачатку прысудзілі «суткі», потым штраф, канфіскавалі тэлефон. Але ня выдалі копіі міліцэйскага пратаколу і пастановы суду аб прыцягненьні да адказнасьці. Праваабаронцы адзначаюць, што такім чынам дзяўчыну пазбавілі магчымасьці абскардзіць судовую пастанову.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG