Пра гэта піша Associated Press са спасылкай на паведамленьне вайсковага камандаваньня Паўднёвай Карэі.
Паводле Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў Паўднёвай Карэі, КНДР таксама працягвае пастаўляць Расеі ўзбраеньне, у тым ліку ракеты, артылерыйскія ўстаноўкі і боепрыпасы. Абʼём гэтых паставак можа павялічыцца ў залежнасьці ад сытуацыі на фронце. Сярод перададзенай ваеннай тэхнікі — «значная колькасьць» балістычных ракет малой далёкасьці, 170-мм самаходныя гаўбіцы і каля 220 адзінак 240-мм рэактыўных сыстэмаў залпавага агню.
Паўночная Карэя ўжо адправіла ў Расію каля 11 000 вайскоўцаў, што стала яе першым удзелам у буйнамаштабным канфлікце з часоў Карэйскай вайны (1950-1953). Паводле камандаваньня войскаў Паўднёвай Карэі, каля 4000 зь іх загінулі або былі параненыя.
Высокі ўзровень страт сярод паўночнакарэйскіх салдат зьвязаны зь іх недастатковай падрыхтоўкай да вядзеньня сучаснай вайны, у прыватнасьці да выкарыстаньня баявых бесьпілётнікаў. Акрамя таго, паводле зьвестак Нацыянальнай разьведвальнай службы Паўднёвай Карэі, расейскія камандзіры выкарыстоўваюць паўночных карэйцаў у лабавых атаках без дастатковай агнявой падтрымкі. Нягледзячы на гэта, украінскія вайскоўцы і разьведслужбы адзначаюць, што паўночнакарэйскія войскі атрымліваюць каштоўны баявы вопыт і адыгралі важную ролю ў расейскай стратэгіі зьнясіленьня ўкраінскіх войскаў у баях у Курскай вобласьці.
Даклад, на які спасылаецца AP, быў апублікаваны неўзабаве пасьля таго, як на мінулым тыдні паўночнакарэйскі лідэр Кім Чэн Ын на сустрэчы з сакратаром Савета Бясьпекі Расеі Сяргеем Шайгу ў Пхэньяне зноў пацьвердзіў сваю падтрымку расейскай ваеннай кампаніі супраць Украіны. Паводле паўночнакарэйскіх дзяржаўных СМІ, Кім і Шайгу пацьвердзілі прыхільнасьць двухбаковай дамове аб стратэгічным партнэрстве, падпісанай летась.
Форум