Падсанкцыйная авіякампанія «Белавія» зьбіраецца купіць у гамбійскай авіякампаніі Magic Air тры самалёты Airbus у абыход абмежавальных захадаў, піша агенцтва Reuters.
Паводле інфармацыі агенцтва, самалёты зь лета 2024 году ўжо ў Менску. Ідзецца пра шырокафюзэляжныя Airbus 330. Цяпер «Белавія» падпісвае дакумэнты аб набыцьці.
Агенцтва піша, што самалёты ў дрэнным тэхнічным стане, акрамя таго, пілётам «Белавія» трэба прайсьці навучаньне, каб лятаць на Airbus. Чакаецца, што самалёты перафарбуюць у ліўрэі «Белавіі», і яны пачнуць вазіць пасажыраў вясной ці летам.
Magic Air — прыватная кампанія, якая спэцыялізуецца на абслугоўваньні і лізінгу самалётаў. Уладальнік 99% акцыяў кампаніі — ярданскі бізнэсоўца Тарэк Аль-Аджамі.
У камэнтары Reuters Управа цывільнай авіяцыі Гамбіі заявіла, што самалёты прадалі пакупніку з ААЭ. Іх даставілі ў Менск і зьнялі з рэгістрацыі ў Гамбіі яшчэ 19 жніўня 2024 году.
Форум