Беларускага судна «Надежда» пабудавалі ў 2002 годзе ў Гомлі. Да пачатку поўнамаштабнай вайны Расеі супраць Украіны ў 2022 годзе яно абслугоўвала Расею ва ўкраінскіх водах. Яго арыштавалі пасьля падтрыманьня Беларусьсю расейскага ваеннага ўварваньня. Новым уласьнікам судна стала ўкраінская кампанія «Ньюенерджі».
Як стала вядома Свабодзе, украінская кампанія набыла судна на аўкцыёне 5 лютага 2024 году, але дагэтуль ня можа яго зарэгістраваць, бо ў рэестрах яно ўсё яшчэ лічыцца беларускім.
Дзяржаўная служба марскога і ўнутранага воднага транспарту і суднаходзтва Ўкраіны адмовіла новаму ўласьніку ў рэгістрацыі, паколькі ў дакумэнтах адсутнічала пацьвярджэньне страты права плаваньня пад дзяржаўным сьцягам Беларусі і скасаваньня адпаведнага запісу ў Дзяржаўным суднавым рэестры Беларусі.
Для камунікацыі зь Дзяржаўнай адміністрацыяй воднага транспарту Беларусі аб неабходнасьці скасаваньня запісу і пацьвярджэньня страты права плаваньня судна пад сьцягам Беларусі ўкраінская кампанія скарысталася паслугамі малдоўскага адвакацкага бюро Diaciuc Gabriel law office. Беларускі бок атрымаў гэты зварот, але нічога на яго не адказаў.
Па абарону сваіх правоў новы ўласьнік беларускага судна зьвярнуўся ў суд, які абавязаў Дзяржаўную службу марскога і ўнутранага воднага транспарту і суднаплаўства Ўкраіны выканаць усе фармальнасьці, зьвязаныя з пераафармленьнем беларускага судна.
Што папярэднічала
У красавіку 2022 году Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў Украіны заявіла аб арышце і пачатку працэсу нацыяналізацыі беларускага судна «Надежда» і сухагрузавай баржы, якія знаходзіліся ў акваторыі Ізмаільскага порту на Адэшчыне і выконвалі апэрацыі для Расеі ў тэрытарыяльных водах Украіны.
Беларускае судна перадалі ў кіраваньне Агенцтву вышуку і мэнэджмэнту актываў (АРМА), а ў Адэскую абласную адміністрацыю — дакумэнты аб магчымай нацыяналізацыі.
На продаж судна выставілі 5 студзеня 2024 году, а аўкуцыён завяршыўся 5 лютага таго ж году.
Вядома, што стартавая цана беларускага судна была вызначана на ўзроўні 1,17 мільёна грыўняў (на момант правядзеньня аўкцыёну гэта складала прыблізна 31 150 даляраў у эквіваленце) з крокам у 11 706 грыўняў (311 даляраў у эквіваленце).
На набыцьцё беларускага судна прэтэндавалі 7 удзельнікаў — тры фізычныя асобы і чатыры кампаніі, але чатыры зь іх не былі дапушчаныя да аўкцыёну праз тое, што яны не аплацілі гарантыйны ўнёсак. Апроч «Ньюенерджі» на судна прэтэндавалі ТАА «Надійна транспортна компанія» і ТАА «Президент Тревел». Канчатковая цана, за якую «Ньюенерджі» набыла беларускае судна, склала 4,25 мільёна грыўняў (113 тысяч даляраў у эквіваленце паводле курсу на 5 лютага 2024 году. — РС).
Пад беларускім сьцягам «Надежда» спачатку ажыцьцяўляла перавозкі калійных угнаеньняў па Дняпры з Мазыра да Мікалаева, а пасьля мадэрнізацыі (нарошчваньне бартоў, счэпка з несамаходнай баржай) пачала перавозіць украінскае збожжа. Але пазьней беларускае судна перавялі на Дунай, дзе яно курсавала ў рачныя парты Румыніі і Сэрбіі.
Карабель пабудавалі ў 2002 годзе ў Гомлі.
Што вядома пра новага ўласьніка
ТАА «Ньюенерджі» працуе на ўкраінскім рынку з 2007 году. Згодна з статутам, асноўным відам дзейнасьці кампанія зьяўляецца дапаможнае абслугоўваньне воднага транспарту. Апроч гэтага, ТАА ажыцьцяўляе дапаможную дзейнасьць у расьлінаводзтве, надае пасярэдніцкія паслугі ў гандлі сельскагаспадарчай сыравінай, а таксама займаецца вытворчасьцю гатовых кармоў для сельскагаспадарчай жывёлы.
Кампанія мае ўнівэрсальны перавалачны комплекс у горадзе Ізмаіл. Яе тэрмінал знаходзіцца ў акваторыі Ізмаільскага марскога гандлёвага порту на рацэ Дунай. Порт знаходзіцца пад сталымі абстрэламі расейскіх войскаў.
Заснавальніцай і канцавым бэнэфэцыярам ТАА «Ньюенерджі» зьяўляецца адэсітка Натальля Шарангова.
Статутны капітал кампаніі — 1 231 500 грыўняў (25 539 даляраў у эквіваленце паводле сёньняшняга афіцыйнага курсу. — РС).
У 2024 годзе ў ТАА працавалі 58 чалавек. Пасьля пачатку поўнамаштабнай вайны лік супрацоўнікаў павялічыўся больш, чым удвая.
Даход кампаніі склаў 160 525 300 грыўняў (амаль 4 мільёны даляраў) з чыстым прыбыткам у 44 703 300 грыўняў (1 072 278 даляраў паводле курсу 26 сакавіка). Актывы кампаніі 159 239 000 грыўняў (прыблізна 3,8 мільёна даляраў. — РС).
Адметна, што ў 2020 годзе кампанія была стратная, а пасьля пачатку вайны і вымушанай дывэрсыфікацыі грузавых перавозак з Чорнага мора на Дунай, кампанія ў дзясяткі разоў павялічыла свае фінансавыя вынікі.
У 2021 годзе кампанію падазравалі ў кантрабандзе тытунёвых вырабаў у Вугоршчыну — тады ў гэтай краіне знайшлі баржу з цыгарэтамі, якія перапраўлялі пад выглядам солі ўкраінскай вытворчасьці. Што праўда тады «Ньюенерджі» належала адэскаму банкіру Аляксандру Мамантэнку і ягонай сям’і. Банкір быў бізнэс-партнэрам «тытунёвага» манапаліста і алігарха Барыса Каўфмана і колішняга народнага дэпутата Аляксандра Граноўскага (абодва мелі вялікі ўплыў у часы прэзыдэнцтва Віктара Януковіча. — РС).
Цяперашняя ўласьніца кампаніі Натальля Шарангова была ў складзе заснавальнікаў да лістапада 2023 году — тады яна разам з Аляксандрам Мамантэнкам выйшла з кампаніі, але ўжо ў канцы 2024 году вярнулася ў склад заснавальнікаў і стала адзінай уласьніцай ТАА «Ньюенерджі».
Форум