Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацбанк Украіны спыніў разьлік афіцыйнага курсу грыўні да беларускага рубля


Нацбанк Украіны, ілюстрацыйнае фота
Нацбанк Украіны, ілюстрацыйнае фота

Афіцыйна паведамлялася, што Ўкраіна спыніла гандаль зь Беларусьсю ў сярэдзіне 2022 году.

У Нацыянальным банку Ўкраіны паведамілі аб спыненьні з 31 сакавіка вызначэньня суадносінаў грыўні да беларускага рубля.

Як адзначаецца ў паведамленьні НБУ, цяпер ва Ўкраіне пералік іншаземных валют для штодзённага вызначэньня афіцыйнага курсу будзе ўключаць 41 валюту.

У Нацыянальным банку Ўкраіны патлумачылі, што ў пералік валют, да якіх вызначаецца афіцыйны курс, уключаны краіны, якія забясьпечвалі ня менш як 95 % таваразвароту з Украінай.

«Пералік будзе зьмяняцца адзін раз на тры гады на падставе актуальнай статыстычнай інфармацыі па таваразвароце. У той жа час, захаваецца магчымасьць карэктаваць гэты пералік часьцей, калі ў валютах, якія ў яго ўваходзяць, таваразварот зьнізіцца ніжэй за 90 %», — адзначаецца ў паведамленьні.

З пераліку таксама выключылі расейскі рубель, бразыльскі рэал, армянскі драм, дамініканскае песа, іракскі дынар, іранскі рэал, лівійскі дынар, мараканскі дыхрам, новы тайваньскі даляр, пакістанскую рупію, сом, самані, туркмэнскі новы манат і ўзбэцкі сум.


  • Кіраўніцтва Беларусі падтрымала агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіла скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
  • Пасьля гэтага Ўкраіна закрыла мяжу зь Беларусьсю, спыніла гандаль і пачала ўмацоўваць сваю мяжу на беларускім кірунку, каб зрабіць немагчымым паўторны наступ расейскіх войскаў зь беларускай тэрыторыі.
  • Да студзеня 2023 году ў Ровенскай вобласьці Ўкраіны замінавалі ўвесь памежны пэрымэтар зь Беларусьсю, апроч балотных участкаў — агульнай працягласьцю 229 кілямэтраў. Агулам у канцы 2023 году шчыльнасьць усталяваных мінаў на памежнай з Расеяй і Беларусьсю тэрыторыі з чэрвеня 2022 году павялічылі ў 16 разоў і паставілі больш за 500 тысяч супрацьтанкавых мін.
  • Украіна працягвае ўмацоўваць свае межы ў беларускім кірунку, ствараючы шматузроўневыя лініі абароны з інжынэрнымі фартыфікацыямі, супрацьтанкавымі равамі і мінна-выбуховымі загародамі.
  • У Беларусі таксама збудавалі абарончыя ўмацаваньні на мяжы з Украінай.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG