Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Два байцы палка імя Каліноўскага ўжо 1000 дзён у расейскім палоне, але дакладна іх лёс невядомы


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што ўздымае пытаньні ўключэньня ў сьпісы на абмен беларускіх байцоў Яна Дзюрбейкі і Сяргея Дзёгцева, якія знаходзяцца ў расейскім палоне.

«Мы сыстэматычна ўздымаем пытаньні ўключэньня беларускіх добраахвотнікаў у сьпісы на абмены праз Міністэрства замежных спраў Украіны і Вярхоўную Раду. Я вельмі спадзяюся, што хутка яны атрымаюць шанец на вяртаньне», — заявіла дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская ў 1000-ы дзень знаходжаньня байцоў палка імя Кастуся Каліноўскага (ПКК) Яна Дзюрбейкі і Сяргея Дзёгцева ў расейскім палоне.

Ціханоўская ў сваім тэлеграм-канале напісала, што «ні сябры, ні сем’і ня ведаюць, у якіх умовах трымаюць» палонных беларускіх байцоў, «ці атрымліваюць яны ежу і ваду», «ці маюць магчымасьць спаць бяз страху за жыцьцё», «ці ведаюць яны, што пра іх памятаюць, чакаюць».

«У навінах пасьля абмену палоннымі мы бачым, у якім стане вяртаюцца ўкраінскія вайскоўцы пасьля жудасных умоў у няволі, — заявіла яна. — Гэтыя кадры цяжка глядзець і немагчыма забыцца. Страшна нават уявіць, праз што праходзяць нашыя хлопцы, і які сьлед — фізычны, псыхалягічны, эмацыйны — гэтыя катаваньні пакідаюць на іх».

Ціханоўская заклікала падтрымліваць беларускіх добраахвотнікаў, нягледзячы на тое, што «тры гады вайны і жахаў нават самага стойкага чалавека спустошаць эмацыйна» і часам «вельмі хочацца адгарадзіцца ад гэтага болю: дыстанцыявацца, адпісацца ад стужак навін».

«Але гэтая вайна побач. Гэтая вайна — тут і цяпер. І як бы балюча ні было ўсьведамляць яе жах, трэба глядзець праўдзе ў вочы. Трэба старацца не страціць спагады і салідарнасьці. Трэба памятаць пра тых, хто цяпер у палоне, на фронце, у беларускіх турмах, і падтрымліваць іх», — заявіла палітык.

Ян «Тромблі» Дзюрбейка і Сяргей «Клешч» Дзёгцеў трапілі ў палон пасьля бою пад Лісічанскам 26 чэрвеня 2022 года.

11 ліпеня 2023 года Валер Сахашчык, які тады займаў пасаду прадстаўніка Абʼяднанага пераходнага кабінета па абароне і нацыянальнай бясьпецы, паведаміў, што, паводле яго інфармацыі, Дзюрбейка і Дзёгцеў жывыя.

7 кастрычніка 2024 года «пракуратура» так званай «Данецкай народнай рэспублікі», паведаміла, што Дзюрбейка завочна пакараны на 14 гадоў пазбаўленьня волі ва ўмовах строгага рэжыму. Прысуд вынес «вярхоўны суд» гэтага сэпаратысцкага ўтварэньня на акупаванай Расеяй тэрыторыі Ўкраіны. Тады адзначалася, што 28-гадовы грамадзянін Беларусі прызнаны вінаватым па ч. 3 ст. 359 КК РФ (удзел найміта ва ўзброеным канфлікце).

За некалькі месяцаў да прысуду Генпракуратура Расеі заявіла, што Дзюрбейка «абвешчаны ў міжнародны вышук, у дачыненьні да яго судом завочна абраная мера стрыманьня ў выглядзе ўзяцьця пад варту».

На сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай дыяспары 23 лістапада ў Вільні камандзір палка Каліноўскага Павел Шурмей сказаў, што пра двух палонных байцоў, «на жаль, больш за два гады няма ніякіх зьвестак». Камандзір ПКК ня стаў нават меркаваць, жывыя яны ці не. Разам з тым ён паведаміў, што абодва палонныя байцы «заяўленыя ў абменны фонд».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG