Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка выказаўся за стварэньне майнінгавых фэрмаў у Магілёўскай вобласьці


Біткоін.
Біткоін.

Ідэю стварэньня майнінгавых цэнтраў у Магілёўскай вобласьці падтрымаў Аляксандр Лукашэнка, заявіў журналістам 21 сакавіка пасьля сустрэчы зь ім старшыня Магілёўскага аблвыканкаму Анатоль Ісачэнка.

«У нас у Магілёўскай вобласьці ёсьць добрыя пляцоўкі з энэргетычнымі магутнасьцямі, усё неабходнае для таго, каб будаваць дата-цэнтры, майнінгавыя фэрмы, — цытуюць чыноўніка дзяржаўныя СМІ. — Было атрымана дабро [ад Лукашэнкі]. Мы рыхтуем гэтыя пляцоўкі, каб праводзіць конкурсы, каб заходзіў інвэстар і займаўся будаўніцтвам».

4 сакавіка Лукашэнка даручыў міністру энэргетыкі Аляксею Кушнарэнку разьвіваць у Беларусі здабычу крыптавалют.

«Паглядзіце па гэтым майнінгу. Усё больш людзей да мяне зьвяртаюцца. Калі нам гэта выгадна, давайце будзем рабіць, — сказаў ён. — У нас лішак электрычнасьці ёсьць. Няхай робяць яны гэтую крыптавалюту і гэтак далей. Тым больш, вы бачыце, якім шляхам сьвет ідзе. І асабліва найбуйнейшая эканоміка сьвету. Яны ўчора абвясьцілі, што ў рэзэрве будуць трымаць (2 сакавіка прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў аб намеры стварыць дзяржаўны рэзэрв крыптавалют)».

Працэс майнінгу зьвязаны з высокім спажываньнем электраэнэргіі. Сёлета ў студзені Лукашэнка выказаў меркаваньне, што другую атамную электрастанцыю можна было б пабудаваць на поўдзень ад Магілёва.

У сярэдзіне сакавіка ён, выступаючы ў Савеце Фэдэрацыі РФ, пацьвердзіў пляны па будаўніцтве ў Беларусі другой АЭС.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG