Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці магчымая перадача кантролю над украінскай АЭС Злучаным Штатам? Адказвае ўкраінскі міністар

Запароская АЭС, архіўнае фота
Запароская АЭС, архіўнае фота

Пасьля размовы Дональда Трампа і Ўладзіміра Зелянскага, якая адбылася 19 сакавіка, адной з самых папулярных тэмаў стала прапанаванае Ўкраіне «амэрыканскае валоданьне» украінскімі атамнымі электрастанцыі ў якасьці меры іх абароны.

Міністар энэргетыкі ЗША Крыс Райт пацьвердзіў у інтэрвію FoxNews, што ЗША могуць узяць на сябе кіраваньне ўкраінскімі атамнымі электрастанцыямі.

Усяго ва Ўкраіне чатыры дзеючыя атамныя электрастанцыі: Ровенская, Хмяльніцкая, Паўднёва-Украінская і Запароская АЭС. Апошняя захопленая Расеяй амаль з самага пачатку поўнамаштабнага ўварваньня ва Ўкраіну — з сакавіка 2022 году. Кантроль над станцыяй зараз ажыцьцяўляе «Расатам».

Прэзыдэнт Украіны Зяленскі сказаў, што ў гутарцы з Трампам размова ішла толькі аб адной АЭС, Запароскай, а не аб некалькіх. На прэсавай канфэрэнцыі ў Осьлё Зяленскі заявіў, што ЗША хочуць «забраць» Запароскую АЭС у расейцаў і інвэставаць у яе, але пытаньне ўласнасьці станцыі ён з Трампам ён не абмяркоўваў. Зяленскі падкрэсьліў, што ўсе атамныя электрастанцыі Ўкраіны належаць народу Украіны і гэта не прыватная ўласнасьць.

Ці магчымая па ўкраінскім заканадаўстве перадача АЭС ва ўласнасьць ЗША? Гэтае пытаньне тэлеканал «Настоящее время» задаў Аляксею Аржэлю — міністру энэргетыкі Ўкраіны ў 2019-2020 гадах. Цяпер ён узначальвае кіеўскі офіс Сакратарыяту энэргетычнай супольнасьці.

— Згодна з украінскім заканадаўствам, гэта немагчыма. Але мы ж разумеем, у якой мы сытуацыі знаходзімся, і памятаем ужо сытуацыю, калі нетры абмяркоўваліся. Сапраўды, робіцца ўсё магчыма. Наш партнэр, Злучаныя Штаты, нам вельмі моцна дапамагаў і дапамагае зараз, і мы павінныя шукаць нейкія варыянты рашэньня.

Але на сёньняшні момант перадача ў канцэсію, перадача ва ўласнасьць дзяржаўнага прадпрыемства — гэта немагчыма. Але з іншага боку, зноў мы вяртаемся да таго, што дыялёг са Злучанымі Штатамі трэба выбудоўваць. Таму трэба думаць, шукаць агульныя кропкі.

— А навошта гэтыя станцыі, на вашую думку, неабходныя Злучаным Штатам?

— Гэта дастаткова сур’ёзны актыў, гэта больш за 50% вытворчасьці электрычнай энэргіі ва Ўкраіне — на сёньня нават без Запароскай АЭС. З Запароскай АЭС — гэта дзесьці каля 14 гігават устаноўленай магутнасьці. Мы сынхранізаваныя сёньня з рынкам Эўропы. Чаму яна танная? Таму што нашыя станцыі пабудаваныя ў савецкі час і ўжо няма інвэстыцыйных выдаткаў. У выніку яны могуць быць больш канкурэнтаздольнымі на эўрапейскім рынку. Той, хто будзе валодаць такім актывам, канешне, будзе зацікаўлены і прадаваць і зарабляць.

— Аб якіх сумах ідзе гаворка?

— Гэта значныя даходы, гэта цалкам могуць быць мільярды даляраў, у залежнасьці ад абʼёмаў, якія можна будзе рэалізаваць.

Давайце не забываць адзін вельмі важны аспэкт — хто ў нас пастаўшчык ядзернага паліва на нашыя атамныя рэактары? Мы там спраўна плацім, але хто тэхналягічна вырабляе нашыя паліўныя зборкі і хто зьяўляецца пастаўшчыком? Гэта амэрыканская кампанія Westinghouse.

— Ці азначае гэта, што ЗША будуць уплываць на энэргазабеспячэньне Украіны? Гэта для любой краіны, увогуле, вялікі рычаг ціску.

— Гэта абʼектыўная рэальнасьць. Любая краіна, якая выбірае пэўную тэхналёгію вытворчасьці атамных блёкаў, вельмі надоўга робіцца залежнай ад краіны, дзе купляе гэтыя блёкі. Далей — залежнасьць ад пастаўкі запасных частак. Гэта значыць, вельмі шмат фактараў. Па сутнасьці, ты надоўга сябе зьвязваеш з вытворцам абсталяваньня.

— Аляксей, задам вам пытаньне, якое цікавіць гледачоў і карыстальнікаў сацсетак. Я прачытала сёньня дыскусію, у якой адзін карыстальнік піша, што лепш няхай Запароская АЭС будзе «пад амэрыканцамі», чым «пад расейцамі». А другі карыстальнік адказвае: так, але ёсьць асьцярогі, што ЗША такая ж імпэрыялістычная сіла, як і Расея, і яны зробяць з нас такі ж прыдатак. Вы ў гэтай спрэчцы на чыім баку?

— Ну давайце паглядзім: пакуль неяк адносіны з імпэрыялістычнай Расеяй у нас нашмат горшыя, яны нас забіваюць. А Злучаныя Штаты нам спрабуюць дапамагчы абараніцца ад імпэрыялістычнай Расеі. Гэта першы пункт.

Другі пункт — стан «Энергаатама». Ён сапраўды патрабуе вельмі многіх уліваньняў, будучых інвэстыцый і эфэктыўнага кіраваньня, добрых продажаў на рынку. Таму што рынак украінскі цалкам не зможа выкарыстаць тыя абʼёмы, якія можа вырабляць Запароская АЭС. Таму гэты ўплыў такога вялікага геапалітычнага гульца як ЗША, які б бараніў свае інтарэсы. Ну і давайце проста банальна: у нас расейцы вось проста за «парэбрыкам», а ЗША, як кажа Трамп, за акіянам — і ім тут і не так лёгка рэалізоўваць каляніяльную палітыку. Так, на жаль, мы канстатуем факт, што мы займаем ​пазыцыю слабога боку. Але, на жаль, так — трэба выбіраць лепшы варыянт з горшых.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG