Давераная асоба Сьвятланы Ціханоўскай на выбарах 2020 году, былая мадэратарка тэлеграм-каналу «Армія з народам» Антаніна Канавалава, якая адбыла за кратамі больш за 4 гады, выйшла на волю ў сьнежні 2024 году паводле памілаваньня.
Як пераходзіла раку па лёдзе
Антаніна не расказвае, праз якую раку ёй давялося перабірацца, каб апынуцца за мяжой Беларусі. Жанчына толькі згадала, што на рацэ быў лёд і назвала прыблізную адлегласьць да процілеглага берагу:
«Калі я падышла да ракі, убачыла яе, дык зразумела, які вялікі маштаб мне давядзецца пераплываць — каля 50 мэтраў. Але мне пашанцавала — быў лёд. І лёд пад мной не хруснуў. Я ніводнага разу не правалілася. Ня ведаю, якія анёлы мяне несьлі, але яны дакладна мяне несьлі, я ведаю. А тэмпэратура была мінусавая. Ня ведаю, колькі градусаў было, але мінусавая».
Паводле Антаніны Канавалавай, падыходзячы да ракі, яна настройвалася на тое, што давядзецца яе пераплываць, але цяпер сумняваецца, ці атрымалася б гэта:
«Думаю, я б не дала рады, калі б давялося плыць, бо было б вельмі цяжка. Я б старалася, бо ў мяне дзеці, я ім патрэбна, я ня маю права нідзе расклеіцца, не маю права выгараць — я б рабіла ўсё магчымае. Але было вельмі цяжка», — расказвае Канавалава пра свой пераход праз раку на мяжы.
Пры гэтым яна пералічыла рэчы, якія былі з сабой у яе невялікім заплечніку: дакумэнты, бутэлька 0,33 літра вады, касмэтыка, зьмена бялізны.
Пра сустрэчу з дзецьмі
У Антаніны Канавалавай з мужам Сяргеем Ярашэвічам, які працягвае адбываць пакараньне ў Ваўкавыскай калёніі, двое непаўнагадовых дзяцей — дачка Наста і сын Іван. Яшчэ ў 2021 годзе дзяцей палітзьняволеных вывезла за мяжу іх бабуля Ганна. Антаніна распавяла Свабодзе, як сустрэлася з дзецьмі, якіх ня бачыла больш за 4 гады.
«Мае дзеці ня ведалі, што едуць да мамы. Для іх гэта было як у казцы — і за гэта дзякуй маме і сябру. Маленькая перадгісторыя пра тое, што напярэдадні Новага году дзеці хадзілі на ёлку, дзе загадалі жаданьне, каб мама была побач зь імі. Яны павесілі фатаздымак. Таму калі яны ехалі, ім сказалі, што едуць на сустрэчу да сьвятога Мікалая, дзе іх чакае сюрпрыз. Таму гэтая сустрэча была для іх велізарнай нечаканасьцю. Канешне, я ня ведала, як яны адрэагуюць, але была вельмі рада, бо рэакцыя іх была цудоўная!»
Паводле Антаніны Канавалавай дзеці яе адразу пазналі і пачалі зьвяртацца да яе, як звычайна. «Мама, мама, мама. То бок раней бабуля была, але мама вярнулася на першы плян», — з радасьцю ў голасе распавяла былая палітзьняволеная.
«Тут буду пачынаць жыцьцё цалкам з нуля», — гэтак Антаніна Канавалава закончыла расповед пра свае ўцёкі.
Перасьлед Антаніны Канавалавай
Пасьля затрыманьня 6 верасьня 2020 году Антаніне Канавалавай прысудзілі 5,5 года пазбаўленьня волі паводле ч. 2 і ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэксу («масавыя беспарадкі»). Жанчыну абвінавачвалі ў адміністраваньні тэлеграм-каналу «Армія з народам» і ўва ўдзеле ў руху Сяргея Ціханоўскага «Краіна для жыцьця». З-за кратаў Антаніна Канавалава выйшла ў сьнежні 2024 году.
Яе ўнесьлі ў спісы датычных да «экстрэмісцкай» і «тэрарыстычнай» дзейнасьці. У зьняволеньні яна атрымала інваліднасьць трэцяй групы ў зроку.
У крымінальнай справе праходзіў таксама муж Канавалавай Сяргей Ярашэвіч. Паводле тых жа артыкулаў яго асудзілі на 5,5 года зьняволеньня. Пазьней яго прыгаварылі яшчэ да 9 месяцаў пазбаўленьня волі паводле арт. 411 КК («злоснае непадпарадкаваньне патрабаваньням адміністрацыі папраўчай установы»).
Форум