Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стала вядома, як некаторыя незаконна вывезеныя ў Беларусь жыхары Гастомелю ня трапілі ў расейскі палон


Расстраляныя расейскімі войскамі машыны, на якіх мірныя жыхары спрабавалі вырвацца з акупаванага Гастомелю. Архіўнае фота
Расстраляныя расейскімі войскамі машыны, на якіх мірныя жыхары спрабавалі вырвацца з акупаванага Гастомелю. Архіўнае фота

Пасьля вызваленьня ад расейскіх войскаў Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў стала вядома, што перад адыходам расейцы прымусова вывозілі мірных жыхароў у Беларусь, а потым у Расею. Большасьць зь іх трапілі ў расейскі палон.

Частка грамадзян Украіны, якіх расейскія войскі захапілі і незаконна вывезьлі ў сакавіку 2022 году з Гастомелю Кіеўскай вобласьці, змаглі выбрацца зь Беларусі ў Польшчу і такім чынам унікнуць расейскага палону.

Як стала вядома Свабодзе, пра такі факт расказала жыхарка Гастомелю ў часе судовага разгляду яе пазову аб набыцьці права спадчыны пасьля сьмерці маці.

Украінка, у прыватнасьці, расказала, што з 24 лютага 2022 году расейцы вельмі інтэнсіўна абстрэльвалі раён вайсковага мястэчка ў Гастомелі, дзе яна жыла. Зь сям’ёй яна пасьпела схавацца ў падвал. Калі расейскія войскі акупавалі горад, жыхароў утрымлівалі «ў нялюдзкіх умовах».

Паводле яе, 19 сакавіка 2022 году расейцы вывелі ўсіх жыхароў, якіх трымалі ў няволі, прымусова пасадзілі ў аўтобусы і вывезьлі ў Беларусь, на тэрыторыю Гомельскай вобласьці.

Украінка, якая ўратавалася ад расейскага палону, паведаміла, што па прыбыцьці ў Беларусь частка незаконна вывезеных жыхароў Гастомелю змаглі дамовіцца, каб арандаваць аўтобус і выехаць на ім у Польшчу.

Аднак яна не сказала, колькі чалавек такім чынам змаглі ўратавацца ад далейшага вывазу зь Беларусі ў Расею. Як вынікае зь яе апісаньня, у Польшчу яна прыехала бяз пашпарту і грошай, а таксама бязь зьмены адзеньня. Яна сьцьвярджае, што выжыла дзякуючы бясплатнаму жыхарству і харчаваньню, якое надаў польскі бок.

Жыхарка Гастомелю адзначыла, што праз стан здароўя ня мела магчымасьці працаваць, а праз брак грошай доўга не магла разьвязаць праблему з дакумэнтамі. У Гастомелі ў часе расейскай акупацыі цалкам зьнішчылі яе жытло і іншую маёмасьць.

Толькі праз два гады вывезеная расейцамі жыхарка Гастомелю змагла вярнуцца ва Ўкраіну.

Што папярэднічала

За час расейскай акупацыі Гастомелю Бучанскага раёну Кіеўскай вобласьці, якая працягвалася 35 дзён, зьніклі бязь вестак 400 чалавек.

Паводле мясцовых уладаў, пасьля вызваленьня Гастомелю не змаглі знайсьці нават усіх целаў забітых жыхароў. Сярод расстраляных расейскімі войскамі — старшыня пасёлку Юры Прыліпка, валянтэры Руслан Карпенка і Іван Зара. Расейцы не дазвалялі мірным жыхарам выехаць з паселішча. Толькі 14 сакавіка 2022 году яны заявілі, што адкрыюць «зялёны калідор», але, насуперак дамоўленасьцям, абстралялі эвакуацыйную калёну, якая выехала ў кірунку Кіева.

Пасьля вызваленьня ад расейскіх войскаў Кіеўскай і Чарнігаўскай вобласьцяў стала вядома, што перад адыходам расейцы прымусова вывозілі мірных жыхароў у Беларусь, а потым у Расею. Большасьць зь іх трапілі ў расейскі палон.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG