Найвышэйшы антыкарупцыйны суд забараніў АРМА рэалізацыю арыштаваных угнаеньняў, якія належалі прадпрыемству «Беларуськалій».
У прыватнасьці, як стала вядома Свабодзе, рашэньне суду тычыцца ўгнаеньняў, якія знаходзяцца ў 85 вагонах. Пасьля падтрыманага Беларусьсю расейскага ўварваньня ва Ўкраіну ўкраінскія ўлады арыштавалі 753 чыгуначныя вагоны з угнаеньнямі «Беларуськалію» і яшчэ частку пустых вагонаў. Частку зь іх ужо пасьпелі прадаць на аўкцыёнах, якія ініцыявала агенцтва з пачатку 2025 году.
Суд ухваліў гэтае рашэньне для забесьпячэньня разгляду пазову Міністэрства юстыцыі Ўкраіны аб спагнаньні ў даход дзяржавы ўкраінскіх актываў «Беларуськалію». Раней суд забараніў АРМА прадаваць чыгуначныя вагоны, якія належалі беларускаму прадпрыемству.
У той жа час, як вынікае з сайту аб продажы арыштаванай маёмасьці, два конкурсы, якія абвясьцілі на продаж 6993 тысяч калійных угнаеньняў, пакуль не скасаваныя. Яны мусяць адбыцца 28 і 31 сакавіка. У выніку яшчэ двух конкурсаў — на 22,6 і 27,6 мільёна грыўняў (адпаведна 690 і 566 тысяч даляраў у эквіваленце. — РС) — АРМА чакае аплаты.
На якія актывы «Беларуськалію» прэтэндуе Ўкраіна
Згодна з пазовам Міністэрства юстыцыі Ўкраіны, ідзецца аб спагнаньні ў даход дзяржавы амаль 80 тысяч тон калійных угнаеньняў, 1545 вагонаў, 53,5 мільёна грыўняў, атрыманых АРМА за рэалізацыю ўгнаеньняў (прыблізна 1,4 мільёна даляраў у эквіваленце. — РС), 73,5 тысячы эўра і 20,1 тысячы грыўняў з рахункаў «Беларуськалію» ў «Банк Кредит Дніпро», а таксама 48% статутнага капіталу ТАА «Агророзквіт» у памеры 86 400 грыўняў, якімі празь Беларускую калійную кампанію валодае «Беларуськалій».
Апроч таго, Міністэрства юстыцыі патрабуе перадаць у даход дзяржавы «права патрабаваньня ААТ „Беларуськалій“ на вяртаньне прымусова адчужанай маёмасьці», якую забралі на патрэбы дзяржавы ва ўмовах ваеннага становішча на падставе загадаў камандаваньня адной з вайсковых частак Міністэрства абароны Ўкраіны. У чэрвені і кастрычніку 2022 году вайскоўцы сканфіскавалі 17 515 тон калійных угнаеньняў.
Форум