Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы зьвярнуліся да Высокага камісара ААН: «Зрабіце ўмовай візыту ў Беларусь вызваленьне Бяляцкага»


Леанід Судаленка на фоне партрэта Алеся Бяляцкага
Леанід Судаленка на фоне партрэта Алеся Бяляцкага

Група беларускіх праваабаронцаў, якія цяпер у эміграцыі, перадала зварот Высокаму камісару ААН у правах чалавека Фолькеру Цюрку.

Ліст праз спэцыяльнага дакладчыка ААН аб правах чалавека ў Беларусі Нільса Муйжніекса перадаў праваабаронца Леанід Судаленка падчас асабістай сустрэчы.

У звароце наўпрост ідзецца аб вызваленьні зь вязьніцы старшыні «Вясны», нобэлеўскага ляўрэата Алеся Бяляцкага, паведаміў Свабодзе сам Леанід Судаленка:

«Галоўная мэта нашага звароту да Высокага камісара ААН — каб тэма вызваленьня Алеся Бяляцкага гучала як мага шырэй. Нам вядома, што спадар Фолькер Цюрк атрымаў ад міністра замежных справаў Беларусі запрашэньне наведаць зь візытам Беларусь. Такі візыт патрэбны беларускаму кіраўніцтву, каб наладжваць адносіны з Захадам. Мяркуем, што калі ён адбудзецца, дык пойдзе на карысьць становішчу з правамі чалавека ў Беларусі. Але мы прапануем Высокаму камісару абумовіць згоду на візыт папярэднім вызваленьнем Алеся Бяляцкага. Гэта цалкам лягічная прапанова, каб скарыстацца такім момантам», — патлумачыў Леанід Судаленка.

У сваім звароце праваабаронцы «Вясны» пішуць Высокаму камісару ААН, што ляўрэата Нобэлеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага трымаюць у калёніі для рэцыдывістаў, вядомай вельмі жорсткімі ўмовамі.

«Алесь Бяляцкі — адзін зь пяці ляўрэатаў у гісторыі, якія атрымалі Нобэлеўскую прэмію міру, знаходзячыся ў турме за свае законныя дзеяньні і самаахвярную барацьбу за дэмакратыю і правы чалавека. Нават падчас суду ў сваім апошнім слове Алесь Бяляцкі заклікаў усе бакі да кампрамісу і нацыянальнага дыялёгу. Тым ня менш, ён цяпер жорстка абмежаваны ў перапісцы, сустрэчах з адвакатам, дасланыя яму перадачы не даходзяць да адрасата, з прычыны рэпрэсіяў унутры Беларусі не засталося нікога зь ягоных сваякоў», — пішуць сярод іншага аўтары звароту,

Праваабаронцы таксама нагадваюць агульную сытуацыю з палітвязьнямі ў Беларусі.

«Мы зьвяртаемся да Вас з просьбай аб тэрміновых дзеяньнях. Вядома, што ў гэты момант у Беларусі налічваецца не менш за 1305 прызнаных палітычных вязьняў. Як мінімум сем палітвязьняў ужо загінулі ў выніку жорсткага абыходжаньня, катаваньняў і адсутнасьці мэдычнай дапамогі ў месцах зьняволеньня ў Беларусі.

У той жа час Алесь Бяляцкі ўключаны ў складзены беларускай грамадзянскай і праваабарончай супольнасьцю гуманітарны сьпіс найбольш уразьлівай групы палітвязьняў Беларусі, бо ён сталы чалавек зь вядомымі праблемамі са здароўем».

Алеся Бяляцкага затрымалі 14 ліпеня 2021 году і асудзілі на 10 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Трымаюць сусьветна вядомага праваабаронцу ў калёніі № 9 у Горках Магілёўскай вобласьці.

Сустрэча міністра замежных справаў Беларусі Максіма Рыжанкова і Высокага камісара ААН у правах чалавека Фолькера Цюрка адбылася 26 лютага 2025 году ў Жэнэве. У выніку сустрэчы МЗС Беларусі паведаміла аб запрашэньні спадару Фолькеру Цюрку наведаць Беларусь, «каб асабіста азнаёміцца з рэальнай сытуацыяй з правамі чалавека ў краіне».

Хто такі Алесь Бяляцкі

Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.

  • Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
  • У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
  • Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
  • У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
  • У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
  • З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
  • У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
  • У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
  • 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
  • У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
  • 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
  • За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
  • Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
  • Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
  • 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
  • Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
  • 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
  • 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
  • З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі мае вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
  • Адбывае пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG